сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл.Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл.Знакі хімічныя).
Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац.формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел. — кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал.функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал.функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.
Літ.:
Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ.Т. 1—6. М., 1979—88;
Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ.М., 1983;
Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;
Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.
Т.Т.Лахвіч.
Да арт.Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЗА (франц. vase ад лац. vas пасудзіна),
пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастацтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙНІ́ЦА,
адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз.амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФО́ННАЕ СПЯВА́ННЕ (ад грэч. antiphonos які гучыць у адказ),
папераменнае выкананне песнапення 2 харамі ці салістам і хорам.
Вытокі антыфоннага спявання ў найстаражытнейшых нар.-песенных формах выканання, у стараж.-грэч. трагедыі, дзе хор часта падзялялі на 2 паўхары, у кульце народаў Усходу. У хрысц. богаслужэнне антыфоннае спяванне ўведзена ў 1 ст.н.э., у зах.Хрысц. царкве — у 4 ст. У праваслаўнай царкве, як правіла, чаргаваліся спевы 2 жаночых або мужчынскага і дзіцячага хароў, у каталіцкай царкве — спевы свяшчэнніка, цэлага хору і яго часткі.
Карані ўсходнеслав. антыфоннага спявання ў карагодных песнях, якія суправаджаліся сыходным і разыходным рухам процілеглых радоў (напр., у песні «Проса» з формай руху «сцяна на сцяну», пашыранай у розных меладычных варыянтах у беларусаў, рускіх і ўкраінцаў). На Беларусі падобныя формы да нашага часу сустракаюцца ў Паазер’і і зах. раёнах (напр., у абрадзе «бараны», зафіксаваным у 1981 у Докшыцкім р-не, 3 групы спявачак па чарзе выконваюць строфы песень розных каляндарных жанраў у тым парадку, як яны размешчаны ў гадавым крузе). Яны ўласцівыя вясельным і жніўным песням. Своеасаблівую трактоўку набывае антыфоннае спяванне ў купальскай абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,
процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар.тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл.драм.т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн.формы: «Беспасажніца» А.Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.Тургенева (1975; т-р імя Ю.Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́Э (Aloe),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).
Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́ПЕНКА ((Archipenko) Аляксандр Парфір’евіч) (30.5.1887, Кіеў — 25.2.1964),
скульптар. Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1902—05). Жыў у Парыжы, Берліне, з 1923 — у ЗША. Выкладаў у студыях, ун-тах і ін-тах мастацтваў ЗША. Знаходзіўся пад уплывам кубізму («Медрана», 1914), канструктывізму, абстрактнага мастацтва. Першы выкарыстаў камбінацыі разнародных матэрыялаў (шкло, метал, дрэва, цэлулоід і інш.). У 1915—20 распрацаваў стыль, заснаваны на трохмернай скульптуры і рэльефе з рамай, фонам і інш. элементамі жывапісу («Эспаньёла», 1916, і інш.); стварыў шэраг «торсаў» з металу і каменю («Торс», 1914). У 1920—30 стварыў рэаліст. скульптуры («Дыяна», «Маладая жанчына», партрэты Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Т.Уайлдэра і інш.). У 1924—27 распрацаваў і запатэнтаваў механізм для стварэння ілюзіі руху намаляваных аб’ектаў, якія назваў «архіпентура»; у 1940-я г. пачаў серыю т.зв. «святломадулятараў» — плексігласавых паўпразрыстых скульптур, асветленых знутры; эксперыментаваў у галіне «гукавой скульптуры». У 1960-я г. стварыў бронзавыя скульптуры «Царыца Саўская», «Цар Саламон», серыю літаграфій «Жывыя формы».
Літ.:
Северюхин Д.Я., Лейкинд О.Л. Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. Спб., 1994. С. 41—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАСЦЬ,
маральная і сац.-псіхал. якасць, якая праяўляецца ў пачуцці абавязку і адказнасці чалавека перад грамадствам, у яго гатоўнасці і здольнасці абараняць свае правы і свабоды, законныя інтарэсы інш. грамадзян. Гістарычна звязана з раннімі формамі дэмакратыі, з развіццём полісаў як спецыфічнай формысац.-эканам. і паліт. арг-цыі грамадства і дзяржавы. У стараж. Грэцыі і Рыме грамадзянскасць разглядалася як адна з важнейшых дабрачыннасцей грамадзяніна. Паглыбленню зместу і сутнасці грамадзянскасці садзейнічалі бурж. рэвалюцыі ў шэрагу краін Еўропы і заканад. прызнанне імі правоў чалавека і грамадзяніна. Сапраўдная грамадзянскасць асобы характарызуецца яе сталай паліт. свядомасцю, развітым пачуццём патрыятызму, дачыненнем да лёсу сваёй Радзімы і яе народа, прагрэс. пераўтварэнняў у розных сферах жыцця грамадства. Пачуццё грамадзянскасці спалучаецца з пачуццём гонару за гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, звычаі і сімвалы (герб, гімн, сцяг), са строгім выкананнем яе канстытуцыі і законаў, з павагай годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў інш. асоб. Аднак грамадзянскасць нельга зводзіць да законапаслухмянасці, лаяльнасці чалавека ў адносінах да ўлад і тым больш да канфармізму. Грамадзянскасці проціпастаўляюцца апалітычнасць, абсентэізм, абыякавасць, фармальная, папулісцкая паліт. актыўнасць.