АПУ́НЦЫЯ

(Opuntia),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ад стэпавай зоны Канады да Паўд. Аргенціны (за выключэннем вільготных трапічных абласцей). На Беларусі асобныя віды вырошчваюць у пакаёвай культуры і аранжарэях. Найб. дэкар. апунцыя белаватая (О. leucotricha) і дробнаваласістая (О. microdasys). У пакоях цвітуць рэдка. Размнажэнне чаранкамі.

Сукулентныя шматгадовыя расліны. Сцябло падзелена на членікі, з калючкамі або без іх, паводле формы членікаў бывае шарападобнае, цыліндрычнае і плоскае (найб. пашырана). Лісце невялікае, шылападобнае, сакаўное, рана ападае. Кветкі адзіночныя, двухполыя. Плады ягадападобныя, мякаць сцябла і лісця ў большасці відаў ядомыя; іх выкарыстоўваюць у харч. і спіртавой прам-сці, медыцыне, як корм, фарбавальны сродак, з валокнаў вырабляюць паперу. Расліны прыдатныя на жывыя агароджы, сідэрат і паліва.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)