АПЕЛЬСІ́Н

(Citrus sinensis),

вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфюмернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)