неазначальная форма дзеяслова, пачатковая форма дзеяслова, якая называе дзеянне безадносна да асобы, часу і спосабу. Паводле паходжання ў слав. мовах — давальны склон аддзеяслоўных назоўнікаў. Мае трыванне і стан («рабіць—зрабіць—зрабіцца»), У бел. мове І. складаецца з дзеяслоўнай асновы і суфіксаў «-ць», «-ці», «-чы» («чытаць», «несці», «секчы»). У сказе выступае самастойна (як дзейнік, просты выказнік ці асн.ч. састаўнога выказніка, дапаўненне, азначэнне, акалічнасць) і ў складзе аналіт. форм часу дзеяслова («буду ісці»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫ АБМЕ́Н,
абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.
Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл.Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10−6см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІНІ́Т,
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілсілікат алюмінію, Al4[Si4O10](OH)8. Мае гліназёму Al3O3 41,2%, крэменязёму SiO2 48% і 10,8% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Зямлістыя масы рыхлыя, лускаватыя або шчыльныя тонказярністыя агрэгаты, радзей — тонкія пласцінкі, канкрэцыі, ааліты, жаўлакі. Бляск перламутравы да зямлістага. Паўпразрысты. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,5—2,7 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Утвараецца пры выветрыванні вывергнутых і метамарфічных парод, радзей — ва ўмовах нізкатэмпературных гідратэрмальных працэсаў. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, буд., папяровай, гумавай прам-сці і інш.Гл. таксама Каалін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),
аднагадовая травяністая расліна роду гарбузсям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.
Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЕ СУ́ДНА,
марское судна для пракладкі, падняцця і рамонту падводных (марскіх, акіянскіх) кабеляў сувязі. Мае кабелеўкладачныя машыны з электрапрыводам: кармавую (для апускання кабелю на дно) і 2 насавыя (для падняцця кабелю з дна), апаратуру бесперапыннага кантролю эл. характарыстык кабелю (напр., каэфіцыента перадачы сігналаў), прылады з захопамі для пошуку кабелю і інш. У трумах К.с. ўкладваюць віткамі да некалькіх тысяч кіламетраў падводнага кабелю сувязі. Водазмяшчэнне К.с. 7—20 тыс.т, скорасць пракладкі кабелю на глыбіню да 6 км — 15 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КУЛЬ, каракульскія смушкі,
шкуркі, знятыя з ягнят каракульскай пароды авечак на 1—3-я суткі пасля нараджэння.
Каштоўнае футра, мае пругкую, шаўкавістую, бліскучую воўну з завіткамі рознай формы (валькаватыя, бобападобныя, кольчатыя і інш.) і памераў (4,5—8 мм), якія ўтвараюць малюнак смушка. Найб. каштоўныя шкуркі — з валькаватымі завіткамі, размешчанымі паралельна-канцэнтрычнымі або прамымі радамі даўж. 12—30 мм і больш. Часцей трапляюцца чорныя (больш як 80%) і шэрыя (12—15%) смушкі, каляровых мала. Са шкурак неданошаных каракульскіх ягнят атрымліваюць каракульчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯПЛА́ЗМА (ад карыя... + плазма),
карыялімфа, нуклеаплазма, ядзерны сок, асноўная частка змесціва клетачнага ядра, якая ўтварае ўнутрыклетачнае рэчыва (матрыкс). Складаецца з бялковых фібрыл (таўшчыня 2—3 нм), што ўтвараюць сеткападобны каркас, у якім лакалізаваны храмацін, ядзеркі, унутрыядзерныя гранулы, поравыя комплексы ядз. абалонкі і інш. структуры. У жывых клетках К. гамагенная, аднародная, пры фіксацыі мае сеткападобную структуру. Мяркуецца, што К. ствараецца пры кожнай целафазнай рэканструкцыі ядра (у пач.мітозу пры растварэнні ядз. абалонкі К. пераходзіць у цытаплазму, што акружае ядро, і паніжае яе вязкасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т,
апарат для праецыравання фільмаў на экран. Мае стужкапрацяжны механізм, падавальную і прыёмную касеты, святлоаптычную сістэму для прасвечвання кадра і яго праецыравання на экран, прылады гукаўзнаўлення. Бывае стацыянарны і перасоўны.
У залежнасці ад фармату фільмаў падзяляюцца на 70-мм (шырокафарматныя), 35-мм (звычайныя і шырокаэкранныя), 16 і 8-мм (вузкаплёначныя). Стэрэаскапічныя, панарамныя, кругарамныя і інш. віды фільмаў дэманструюцца К.а. спец. канструкцыі. У аматарскай кінематаграфіі дэманструюцца 8-мм фільмы (найб. пашыраны) без фанаграмы, а іх агучванне ажыццяўляецца з дапамогай магнітафона з сінхранізатарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШМІ́Ш,
сарты вінаграду з безнасеннымі дробнымі ягадамі. Вырошчваецца пераважна ў Сярэдняй Азіі. Найб. вядомы К. белы (Ак-кішміш) і чорны (Кара-кішміш). Ягады высокацукрыстыя. Выкарыстоўваюць у свежым выглядзе, вінаробстве, для сушкі. Таксама К. наз. ягады вінаграду сорт К., высушаныя на сонцы (у побыце наз. разынкамі). Мае ў сабе (у % на сухое рэчыва): цукру 76—78%, азоцістых рэчываў і кіслот па 2,1%. Выхад сушанага К. — 24—30% ад масы ягад. Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, кандытарскай прам-сці, у сумесі сушаных фруктаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́РЧАК»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 270 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Баратынскія, Браніцкія, Есьманты, Заранкі, Іллінічы, Катовічы, Мялешкі, Млечкі. Мае ў чырв. полі тры папярочныя сярэбраныя бэлькі, якія звужаюцца да нізу. Клейнод — над прылбіцай з каронай у залатой чары палова сярэбранага сабакі. У Польшчы вядомы з канца 14 ст. Паводле Я.Длугаша, герб утвораны каралём Людвікам I; ён дадаў тры бэлькі, якія выцеснілі сабаку з тарчы ў клейнод. У ВКЛ пашырыўся пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413.