КААЛІНІ́Т,

гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілсілікат алюмінію, Al4[Si4O10](OH)8. Мае гліназёму Al3O3 41,2%, крэменязёму SiO2 48% і 10,8% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Зямлістыя масы рыхлыя, лускаватыя або шчыльныя тонказярністыя агрэгаты, радзей — тонкія пласцінкі, канкрэцыі, ааліты, жаўлакі. Бляск перламутравы да зямлістага. Паўпразрысты. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,5—2,7 г/см3. Вельмі гіграскапічны. Утвараецца пры выветрыванні вывергнутых і метамарфічных парод, радзей — ва ўмовах нізкатэмпературных гідратэрмальных працэсаў. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, буд., папяровай, гумавай прам-сці і інш. Гл. таксама Каалін.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)