ГЛІКО́ЛІЗ (ад грэч. glykys салодкі + ...ліз),

адзін з цэнтральных шляхоў расшчаплення глюкозы з цукроў ці поліцукроў у жывёльных, раслінных і многіх бактэрыяльных клетках; ферментатыўны анаэробны працэс негідралітычнага распаду вугляводаў (пераважна глюкозы) да малочнай к-ты. Адыгрывае значную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў, забяспечвае клеткі энергіяй ва ўмовах недахопу кіслароду, а ў аэробных умовах з’яўляецца стадыяй, якая папярэднічае дыханню. У гліколізе адзначаюць 3 этапы (гл. схему). На 1-м этапе (рэакцыі 1—4) малекула глюкозы пераўтвараецца ў 2 малекулы гліцэральдэгід-3-фасфату (з выкарыстаннем 2 фасфатных груп і энергіі, якая выдзяляецца пры гідролізе адэназінтрыфасфату — АТФ). На 2-м этапе (рэакцыі 5, 6) альдэгідная група кожнай з 2 малекул гліцэральдэгід-3-фасфату акісляецца да карбаксільнай, а энергія, якая пры гэтым выдзяляецца, ідзе на сінтэз АТФ з адэназіндыфасфату (АДФ) і неарганічнага фасфату, адначасова адбываецца аднаўленне нікацінамідадэніндынуклеатыду (НАД) да нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ). На 3-м этапе (рэакцыі 7—9) 2 малекулы фасфату, якія далучыліся да цукру на 1-м этапе, пераносяцца назад на АДФ, у выніку чаго ўтвараецца АТФ і кампенсуюцца затраты АТФ на 1-м этапе. Сумарны выхад энергіі пры гліколізе зводзіцца да сінтэзу 2 малекул АТФ (на 1 малекулу глюкозы), якія ўтварыліся ў рэакцыях 5 і 6. У большасці клетак жывёл піруват, які ўтвараецца пры гліколізе, поўнасцю акісляецца ў мітахондрыях да CO2 і H2O. У анаэробных арганізмаў і тканках (шкілетныя мышцы) гідроліз — асн. крыніца клетачнага АТФ. Малекулы пірувату, застаючыся ў цытазоле, могуць пераўтварацца ў залежнасці ад віду арганізма ў лактат (у мышцах, некат. мікраарганізмах) або ў этанол + CO2 (у дражджах, гл. Браджэнне).

А.​М.​Ведзянееў.

Схема гліколізу.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГ ((Gogh) Вінсент Вілем ван) (30.3.1853, Грот-Зюндэрт, каля г. Брэда, Нідэрланды — 29.7.1890),

галандскі жывапісец, адзін з пачынальнікаў постімпрэсіянізму. З 1869 служыў камісіянерам маст. гандл. фірмы ў Гаазе, Бруселі, Лондане, Парыжы; з 1878 — прапаведнікам. Звярнуўшыся да мастацтва, наведваў АМ у Бруселі (1880—81) і Антверпене (1885—86), прыватную студыю ў Парыжы (1886—88); адначасова вывучаў жывапіс імпрэсіянізму і японскую гравюру. Раннія творы, прасякнутыя спагадай да цяжкага жыцця простых людзей Галандыі, напісаны ў змрочнай, стрыманай гаме («Едакі бульбы», «Сялянка», абедзве 1885). Пазней яго палітра стала больш светлай, з’явіўся характэрны для Гога дынамічны мазок. У 1888 Гог пераехаў у Арль, дзе маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы. Жывапісная сістэма гэтых твораў пабудавана на спалучэннях яркіх колераў, выразным рытме малюнка і смелых, свабодных рашэннях («Начное кафэ», «Чырвоныя вінаграднікі ў Арлі», «Сланечнікі», «Спальня ван Гога ў Арлі», усе 1888; Аўтапартрэт з люлькай, 1888—89). Творчасць двух апошніх гадоў адметная абвостранай экспрэсіяй каляровых спалучэнняў, рэзкімі зменамі настрою ад змрочнага візіянерства («Дарога з кіпарысамі і зоркамі», 1890) да трапяткога пачуцця прасвятлення і прымірэння («Пейзаж у Аверы пасля дажджу», 1890). Напружаная праца ў апошнія гады жыцця суправаджалася прыступамі хваробы, якая прывяла Гога ў шпіталь для псіхічнахворых, дзе ён скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. Л.;

М., 1966.

Літ.:

Перрюшо А. Жизнь Ван Гога: Пер. с фр. М., 1973;

Дмитриева Н.А. В.​Ван Гог: Человек и художник. М., 1982;

Стоун И. Жажда жизни: Повесть о В.​Ван Гоге: Пер. с англ. М., 1992.

В. ван Гог. Сланечнікі. 1888.
В. ван Гог. Партрэт доктара Гашэ. 1890.
В. ван Гог. Аўтапартрэт з люлькай 1888—89.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, зоны прыродныя,

буйныя часткі геаграфічнай абалонкі, часткі паясоў геаграфічных, якія маюць агульныя ўмовы тэрмічныя і ўвільгатнення; утвараюць адну з найбольшых адзінак фізіка-геагр. падзелу зямной паверхні. З’явы геагр. занальнасці былі вядомы яшчэ ў Стараж. Грэцыі. Падзел паверхні Зямлі на зоны і фармуляванне закону занальнасці распрацаваны В.В.Дакучаевым (1898).

Вылучаюцца на сушы і на акіянічных прасторах (апошнія менш выразныя). Па суадносінах цяпла і вільгаці З.г. заканамерна змяняюцца ад экватара да полюсаў і ад акіянаў у глыб мацерыкоў. З.г. найчасцей выцягнутыя ў шыротным або субшыротным напрамку. Адначасова з занальнымі фактарамі на фарміраванне З.г. вял. ўплыў аказваюць азанальныя: палярная асіметрыя ландшафтнай абалонкі Зямлі (вял. акіянічнасць Паўд. паўшар’я і інш.), канфігурацыя і велічыня плошчы сушы, наяўнасць і характар размяшчэння буйных форм рэльефу (напр., Гімалаі садзейнічаюць непасрэднаму суседству высакагорных пустынь Тыбета і вільготных лясоў паўд. схілаў). Пад уздзеяннем рэльефу і залежнасці ад канфігурацыі мацерыкоў Г.з. могуць мець мерыдыянальны або субмерыдыянальны напрамак (напр., стэпавая зона ўздоўж Скалістых гор Паўн. Амерыкі). На паверхні Зямлі вылучаюць 20 геагр. зон, якія аб’ядноўваюцца ў 13 геагр. паясоў. Назвы З.г. пераважна даюцца па асн. тыпе расліннасці, які адлюстроўвае гал. асаблівасці ландшафту дадзенай тэр., напр., зоны лясныя, стэпавыя, саваннаў і інш. Ў З.г. адсутнічаюць выразныя межы, але яны адрозніваюцца асаблівым тыпам ландшафту (адпавядаюць зонам ландшафтным) з перавагай пэўнага клімату, глеб, расліннасці і рэльефаўтваральных працэсаў. У гарах, дзе праяўляецца вышынная пояснасць, блізкімі да З.г. з’яўляюцца тыпы вышыннай пояснасці. З.г. падзяляюцца на геагр. падзоны (лясная зона — на тайгу, змешаныя і шыракалістыя лясы).

Тэр. Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, падзонах змешаных і шыракалістых лясоў.

В.​С.​Аношка.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЗЬ,

кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз. вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.

Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г. Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн. Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял. кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛО́ГІЯ (ад лексіка + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, яе лексіку. Мае сваю праблематыку (суадносіны слова і значэння, значэння і паняцця, лексічнага і граматычнага ў слове, вызначэнне месца слова сярод інш. адзінак мовы, выяўленне будовы лексіка-семантычнай сістэмы мовы і інш.) і свае метады вывучэння лексікі (дыстрыбуцыйны, кампанентны, кантэкстуальны, логіка-паняційны і інш.).

Л. цесна звязана з лексікаграфіяй, граматкай, стылістыкай і культурай мовы. У залежнасці ад ахопу і характару вывучаемай лексікі, сутнасці праблем і спецыфікі метадаў, што выкарыстоўваюцца, Л. падзяляецца на шматлікія разгалінаванні.

Агульная Л. вывучае праблемы слоўнікавага складу розных моў; прыватная, ці нацыянальная (бел., рус., ням. і г.д.), — лексіку канкрэтнай мовы; апісальная, ці сінхранічная, — лексіку мовы на пэўным этапе яе развіцця (найчасцей на сучасным); гістарычная, ці дыяхранічная, разглядае лексіку мовы ў працэсе яе развіцця, выяўляе яе гіст. пласты, паходжанне, змяненне семантычнай структуры, фанетыка-марфал. будовы; этымалагічная высвятляе паходжанне асобных слоў; супастаўляльная, ці параўнальная, аналізуе лексіку 2 і больш моў адначасова; функцыянальная апісвае розныя групы слоў з улікам іх функцый у маўленні; нарматыўная вызначае агульнаўжывальную лексіку літ. мовы і нормы яе выкарыстання ў маўленні і г.д.

Бел. Л. зарадзілася ў пач. 20 ст. Актуальным пытанням Л. прысвечаны працы бел. мовазнаўцаў А.​Я.​Баханькова, А.​М.​Булыкі, А.​І.​Жураўскага, М.​І.​Крукоўскага, А.​Я.​Супруна, Л.​М.​Шакуна, П.​П.​Шубы і інш.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,

сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.

Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал. ліст., у бас. р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас. Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў 1-ю сусветную вайну,

1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.​Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.​К.​Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн. рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн. герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.

2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс. чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс. рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр.в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.

Літ.:

Матвеев А.И. В боях за Моонзунд. М., 1957.

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЁШКА (Міхаіл Вінцэнтавіч) (псеўд. Міхалка Скарэўскі; 9.5.1892, в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл.крас. 1941),

бел. гісторык, этнограф. Вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (1918—21). У 1914—18 у арміі. З 1917 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. Дэлегат з’езда бел. дэмакр. і сацыяліст. арг-цый у Віцебску (лета 1917); на з’ездзе бел. вайсковых арг-цый (ліст. 1917) абраны старшынёй. З 1918 у Віцебскім аддзяленні Белнацкома. З 1920 у Чырв. Арміі (служыў у Віцебскім губваенкамаце), працаваў у Віцебскім археал. ін-це, губ. архіве і аддзеле нар. адукацыі. З ліст. 1922 у Цэнтрархіве (Мінск), з 1927 у Цэнтр. архіўным упраўленні БССР, адначасова у Інбелкульце і Бел. АН. У 1923—24 выкладаў бел. этнаграфію ў Віцебскім вышэйшым пед. ін-це, у 1926—28 — гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. Даследаваў праблемы прыгоннага права, сял. выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 і ў рэвалюцыю 1905—07. Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927). Аўтар працы «Камень у вераваннях і паданнях беларусаў» (1929). Рукапіс працы аб Мялеціі Сматрыцкім захоўваецца ў Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў Самару на 5 гадоў. 16.2.1938 паўторна арыштаваны «як удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі». 4.3.1940 вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962.

Тв.:

Дзённік Міхаіла Мялешкі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994.

Літ.:

Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: долгое возвращение в Беларусь // Сов. Белоруссия. 1998. 10 окт.;

Бібліятэка Міхася Мялешкі: Зводны кат. Мн., 1998.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

М.В.Мялешка.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)