САСЮ́Р ((Saussure) Фердынанд Манжын дэ) (26.11.1857, Жэнева — 22.2.1913),

швейцарскі мовазнавец. Вучыўся ў Жэнеўскім (1875), Лейпцыгскім, Берлінскім (1876—80) ун-тах. З 1881 праф. Парыжскага, з 1906 Жэнеўскага ун-таў. Даследаваў паходжанне індаеўрап. вакалізму («Пра першапачатковую сістэму галосных у індаеўрапейскіх мовах», 1879). У працах па літ. акцэнталогіі (1894—96) вызначыў (адначасова з П.​Фартунатавым, але незалежна ад яго) характар націску і інтанацыі слова ў балт. мовах у суадносінах з аналагічнымі з’явамі ў слав. мовах (закон Фартунатава—дэ Сасюра). Самая значная праца С. — «Курс агульнай лінгвістыкі» (1916); у ёй выкладзены яго навук. погляды на мову як сістэму знакаў; прапанаваў стварыць спец. навуку пра знакі — семіётыку, увесці адрозненні паняццяў «мова» і «маўленне» і інш. Тэарэт. прынцыпы С. ў дастасаванні да мовы сталі метадалагічнай асновай розных кірункаў структурнай лінгвістыкі.

Літ.:

Слюсарева Н.А. Теория Ф. де Соссюра в свете современной лингвистики. М., 1975.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)