СПАСО́ЎСКІ-ГРОТ (Spasowski-Grot),

Грот-Спасоўскі Аляксандр (1808? — 1847?), польскі паэт-рамантык. У 1828—29 жыў у Магілёве. Друкаваўся ў час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). Выдаў у Вільні зб. «Паэзія» (т. 1—2, 1840). У прадмове да яго пісаў, што рамант. «мода» патрабуе «простанародных песенек», створаных на ўзор «уяўна літоўскіх (г.зн. беларускіх) дудароў і ўкраінскіх лірнікаў», заклікаў пісаць «сваім, народным стылем у прыватнасцях, а прама нацыянальным у цэлым». Большасць балад і вершаваных апавяданняў зборніка («Апошняе паляванне», «Святое возера», «Панцырны», «Скруха») мае падзагаловак «З беларускіх паданняў» і канкрэтна ўказанае месца, дзе іх расказалі аўтару (Магілёў, яго ваколіцы). Некат. яго творы (балада «Апошняе паляванне») антыпрыгонніцкай накіраванасці. Адначасова ідэалізаваў жыццё бел. сялян, іх адносіны з панам («Песня жнеек»). У зборніку адчуваецца ўплыў А.​Міцкевіча, ёсць творы з укр., рус., літ. і лат. тэматыкай.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 15, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)