ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРВІ́НСКІ Павел Іванавіч (псеўд. Сава; 1841, г. Горкі Магілёўскай вобл., паводле інш. звестак Віцебская губ. — 19.3.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З дваран. У пач. 1860-х г. вучыўся ў Ін-це горных інжынераў і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу, быў звязаны з арг-цыяй «Зямля і воля». У пач. 1863 у маёнтку Марыенгаўзен Віцебскай губ., дзе была друкарня «Зямлі і волі», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. Вясной 1863 зняволены ў Дынабургскую крэпасць, 19.6.1863 пазбаўлены правоў і засуджаны на 4 гады катаргі. 1.7.1863 уцёк з-пад варты і далучыўся да атрада Э.​Вжаснёўскага, які дзейнічаў у Вількамірскім і Панявежскім пав. Ковенскай губ. У кастр. 1863 узначаліў асобны паўстанцкі атрад у Вількамірскім пав. (Анікшты, Андронішкі, Віжуны, Ушполь), атрымаў некалькі перамог над урадавымі войскамі. За мужнасць К.​Каліноўскі надаў Ч. званне паручніка і прызначыў яго паўстанцкім ваен. начальнікам Новааляксандраўскай акр. 3.1.1864 яго атрад разбіты, паранены Ч. трапіў у палон. Часовым палявым аўдытарыятам прыгавораны да смяротнага пакарання, павешаны ў мяст. Ушполь. Браты Ч.: Ян — кіраўнік паўстанцкага атрада — расстраляны ў Кіеве; Раймонд, які змагаўся ў атрадзе Звяждоўскага, загінуў на Магілёўшчыне.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

т. 17, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСЦІ́ЦЫ,

непаўназначныя словы, якія выражаюць сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў. Не маюць намінатыўнай функцыі і адпаведных грамат. катэгорый; не ўжываюцца самастойна, не з’яўляюцца членамі сказа. Толькі ў дыялогу некат. Ч. («ага», «але», «вось», «так» і інш.) набываюць значэнне слоў-сказаў: «Зразумеў, сынок? — Так!» — ціха адказаў Андрэй» (Э.​Самуйлёнак).

Паводле марфал. будовы, ужывання, ролі і функцый у мове Ч. падзяляюцца на простыя («амаль», «толькі», «хіба»), састаўныя («ну і», «што за», «дзе там»), невытворныя («а», «але», «і»), вытворныя («проста», «выключна», «такі»), слова- («абы», «не», «ні») і формаўтваральныя («б», «бы», «бадай»), Адрозніваюцца Ч. прэпазіцыйныя («ну», «ці», «ні»), постпазіцыйныя («жа», «ж», «б») і са свабодным месцапалажэннем («вунь», «нават», «ужо»). У ролі Ч. ужываюцца прыслоўі, займеннікі, дзеясловы, злучнікі. Ч. — марфалагічна нязменныя ўтварэнні. У адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем падзяляюцца на некалькі разрадаў: Ч., якія выражаюць дадатковыя сэнсавыя адценні (указальныя, азначальна-ўдакладняльныя, вылучальна-абмежавальныя), мадальныя і мадальна-валявыя (сцвярджальныя, адмоўныя, пытальныя, параўнальныя), эмацыянальна-экспрэсіўныя (клічныя, узмацняльныя), структураўтваральныя, з дапамогай якіх утвараюцца новыя словы або формы адпаведных слоў. Ч. далучаюцца да пэўных кампанентаў сказа (слоў, словазлучэнняў) ці ўсяго выказвання.

Літ.:

Киселев И.А. Частицы в современных восточнославянских языках. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧО́БАТЫ»,

бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.

М.​А.​Козенка.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛЕ́НСТВА, вадабоязь, гідрафобія,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл з групы антрапазаанозаў. Выклікаецца вірусамі сям. рабдавірусаў, характарызуецца пашкоджаннем цэнтр. нерв. сістэмы.

Вядома са стараж. часоў. Вірусную этыялогію Ш. даказаў Л.Пастэр (1881), ён жа распрацаваў вакцыну для прафілактыкі хваробы. У прыродзе хварэюць млекакормячыя, найб. прадстаўнікі драпежных, сярод свойскай жывёлы — буйн. раг. жывёла, сабакі, каты і інш. Заражэнне адбываецца праз сліну хворай жывёлы, найперш пры ўкусе. Магчыма таксама перадача інфекцыі праз інфіцыраваныя прадметы, мясныя і малочныя прадукты. Ад аднаго чалавека другому Ш. не перадаецца.

На Беларусі штогод ад Ш. памірае некалькі чалавек. Працягласць скрытага перыяду залежыць ад месца ўкусу, ад памеру і глыбіні пашкоджання тканак. Прыкметы ў чалавека: запаленне і прыпуханне на месцы ўкусу, праз 1—3 дні вадабоязь (хворы не можа піць ваду і ўжываць вадкую ежу ў выніку сутаргавага скарачэння мышцаў глоткі і гартані), аэрафобія (сутаргі выклікае подых паветра), фотафобія (узбуджальны ўплыў яркага святла) і інш. Смерць настае раптоўна ад паралічу сэрца або дыхання. Агульная працягласць хваробы 3—7 дзён. Спецыфічнага лячэння няма, прафілактыка ўключае выяўленне і знішчэнне хворых на Ш. жывёл і экстранныя антырабічныя прышчэпкі чалавеку пасля інфіцыравання.

А.​А.​Астапаў.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІЦБЕ́РГЕН (Spitsbergen; стараж.-рус. назва Грумант, нарв. Свальбард),

архіпелаг у зах. частцы Паўн. Ледавітага ак. Пл. каля 62 тыс. км². Буйныя а-вы: уласна Ш. (Заходні Ш.), Паўн.-Усх. Зямля, Эдж, Баранца. Берагі парэзаны фіёрдамі. Рэльеф горны (выш. да 1712 м, г. Ньютан). Больш за 35,1 тыс. км² паверхні ўкрыта ледавікамі, пашырана шматгадовая мерзлата. У расл. покрыве — імхі, лішайнікі, карлікавая бяроза і вярба. Нац. паркі — Паўн.-Зах. Шпіцберген, Форлан; некалькі рэзерватаў, у т. л. Паўн.-Усх. Свальбард. Радовішчы каменнага вугалю. Адм. цэнтр — Лонгйір, порт — Барэнцбург.

Адкрыты экспедыцыяй 1596—97 галандскага мараплаўца В.Барэнца. У 17 ст. Ш. — арэна барацьбы за кітабойныя промыслы паміж Галандыяй і Англіяй. У выніку сутыкненняў паміж іх прамысл. флатамі (1618) паўн. ч. ўзбярэжжа Ш. замацавана за галандцамі (засн. тут паселішча Смерэнбург), а паўд. — за англічанамі, французамі, ганзейскімі гарадамі і інш. У 1765 і 1766 на Ш. арганізавана рас. экспедыцыя пад камандаваннем адмірала В.Я.Чычагова. Доўгі час Ш. быў нічыйнай тэрыторыяй. У 1822 тут засн. 1-я нарв. зімоўка. Суверэнітэт Нарвегіі над Ш. устаноўлены міжнар. Парыжскім дагаворам 1920 (Шпіцбергенскі трактат; СССР далучыўся ў 1935), які адначасова аб’явіў Ш. нейтралізаванай тэрыторыяй У 1925 Нарвегія афіцыйна абвясціла Ш. часткай Нарв. каралеўства.

т. 17, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ДУГА́, вольтава дуга,

адзін з відаў электрычных разрадаў у газах, пры якім разрадныя з’явы сканцэнтраваны ў вузкім ярка святлівым плазменным шнуры. Пры гарыз. размяшчэнні электродаў шнур пад уздзеяннем узыходных патокаў нагрэтага разрадам газу набывае форму дугі.

Э.д. можа існаваць у любым газе пры цісках, блізкіх да атмасфернага і больш высокіх. Высокая т-ра Э.д. выклікае іанізацыю, і газ у канале дугі пераходзіць у плазму. Т-ра плазмы ў шнуры пры атм. ціску і току ў некалькі ампер каля 5000 К, пры большых значэннях т-ры і сілы току — да 12 000 К. Вольтамперная характарыстыка Э.д. — спадальная: павелічэнне сілы току суправаджаецца памяншэннем напружання паміж электродамі Э.д. выкарыстоўваецца ў дугавой зварцы, у электраметалургіі (для атрымання чыстых і тугаплаўкіх металаў у дугавых печах), у святлотэхніцы (у газаразрадных крыніцах святла) і інш. Э.д., якая ўзнікае пры разрыве ланцугоў высокага напружання, — шкодная з’ява, для яе гашэння выкарыстоўваюць высакавольтныя выключальнікі з рознымі дугагасільнымі прыстасаваннямі. Э.д. паміж вугальнымі стрыжнямі ў атмасферы ўпершыню назіраў рус. электратэхнік В.У.Пятроў у 1902, апісаў яе і даў назву вольтавай англ. вучоны Г.Дэві ў 1808—09.

Электрычная дуга: размеркаванне тэмпературы (у градусах Кельвіна — К) у розных участках паміж вугальнымі электродамі пры сіле току 200 А.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВІ́ЗЫ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»

(«Awizy grodzieńskie», «Гродзенскія весці»),

першы інфармацыйны бюлетэнь на Беларусі. Пачаў выдавацца ў 1678 у час пасяджэнняў у Гродне сеймаў Рэчы Паспалітай. Выходзіў на польск. мове. У Ягелонскай б-цы ў Кракаве захаваўся 1 нумар «А.г.» за 13.12.1698 (фармат 13,5×20 см, 1 аркуш, друк двухбаковы). У ім паведамляецца пра падзеі феад. вайны 1697—1702 у ВКЛ; пра тое, што кароль адправіў з Брэста ў Гродна свайго ўпаўнаважанага, які 21.11.1698 склікаў сенатараў на раду, дзе яны абмеркавалі пазіцыю магнацкага роду Сапегаў, што проціпаставілі сябе інш. шляхце ВКЛ, а кароль праз сваіх пасланцоў і ўплывовых асоб жадаў загладзіць гэту справу. Паведамляецца таксама, што ў час паспалітага рушэння шляхты віцебскі кашталян М.​Коцел стаў з войскам пад мяст. Жалудок, а харунжы ВКЛ Р.​А.​Агінскі — пад в. Стаклішкі; супраць яго былі гатовы выступіць некалькі харугваў з Троцкага ваяв.; што 21.11.1698 арганізавана ген. кола войска ВКЛ, з якога пасланы дэлегаты да караля, каб засведчыць сваё вернападданства. Паведамляецца, што ням. войска (саксонскія атрады караля) падышло да Гродна і затрымаецца там на зіму. Таксама выкладзены інш. падзеі. Невядома, да якога года выдаваўся, колькі нумароў «А.г.» выйшла ў свет.

Я.​В.​Скрабоцкі.

«Авізы Гродзеньске».

т. 18, кн. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.​Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату ​1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.​Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.​С.​Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл. арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс. чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.

Л.​В.​Аржаева, П.​П.​Ліпіла.

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)