наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.М.Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн. група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд. група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),
тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм.ген.-фельдмаршалам А. фон Шліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г.ням. тэарэтыкі, у т. л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т. л.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял.Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, І.Стаброўскага, Я.Карскага, ген. Я.Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.Пушкіна, «Першага вінакура» Л.Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.
Літ.:
Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;
Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Панцеляймон Кандратавіч) (9.8.1902, хутар Шалкоўскі Беларэчанскага р-на Краснадарскага краю, Расія — 18.1.1984),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну. Ген.-лейт. (1943). Скончыў Маск. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932). У 1918 і 1932—36 у Чырв. Арміі. З 1922 на камсам. рабоце. У 1936 ва Усесаюзным эл.-тэхн. ін-це. З 1937 у апараце ЦКВКП(б). У 1938—47 1-ы сакратар ЦККП(б)Б, адначасова з вер. 1939 чл.ваен. Савета Бел. асобай ваен. акругі. У Вял.Айч. вайну чл.ваен. саветаў Зах., Цэнтр., Бранскага франтоў. У 1942—44 нач.Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання. Адзін з распрацоўшчыкаў і кіраўнік аперацыі «рэйкавая вайна». У 1944 — вер. 1948 Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У першыя пасляваен. гады шмат зрабіў для аднаўлення і развіцця разбуранай вайной нар. гаспадаркі Беларусі. У 1948—53 сакратар ЦКВКП(б), адначасова ў 1950—53 міністр нарыхтовак СССР. У 1953—54 міністр культуры СССР. У 1954—55 1-ы сакратар ЦК КП Казахстана. З 1955 на дыпламатычнай рабоце. У 1961—62 прадстаўнік СССР у Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі ў Вене. У 1965—78 на выкладчыцкай рабоце. Чл.ЦККП(б)Б у 1938—49, Бюро ЦККП(б)Б у 1938—48. Чл.ЦККПСС у 1939—61, Прэзідыума ЦККПСС з 1952, канд. у чл. Прэзідыума ЦККПСС у 1953—56. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—51, Вярх. Савета СССР у 1940—58. Даследчык гісторыі партыз. руху і падп. барацьбы ў Айч. вайну. Аўтар кніг «Партызанскі рух у Вялікай Айчыннай вайне» (1943), «Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 1941—1944» (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,
створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. Улют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв.ліп. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве у Лондане Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр.СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.—жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл.Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРТ-АРТУ́РА АБАРО́НА,
баявыя дзеянні рас.сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз.яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс.чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс.чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж.нач.сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.М.Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс.рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс.чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.М.Смірноў, В.В.Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.А.Квіткін, І.М.Лівотаў, А.А.Нішчанкоў, У.А.Свіньін, Б.Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.А.Румак і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.П.Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.В.Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс.чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс.чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай армііген. А.А.Уласава.