ТУСЭ́Н-ЛУВЕРЦЮ́Р (Toussaint Louverture) Франсуа Дамінік (20.5.1743, Гаіці — 27.4.1803),
кіраўнік паўстання неграў-рабоў Гаіці. З сям’і раба. У 1791 далучыўся да паўстання неграў-рабоў у г. Сан-Дамінга (франц. ч. в-ва Гаіці), неўзабаве ўзначаліў армію паўстанцаў. У 1793, з пачаткам вайны Францыі (валодала ч. в-ва Гаіці) з Вялікабрытаніяй і Іспаніяй, перайшоў на бок Іспаніі. Пасля скасавання франц. урадам рабства (1794) выступіў і супраць іспанцаў, нанёс ім шэраг паражэнняў, што прымусіла Іспанію адмовіцца ад сваёй ч. Гаіці на карысць Францыі. Франц. ўрад прызначыў Т.-Л. ген. (1795) і галоўнакамандуючым узбр. сіламі Сан-Дамінга (1797). У 1798 Т.-Л. выгнаў з Гаіці англічан, да 1800 усталяваў сваю ўладу над усім в-вам Гаіці. У ліп. 1801 абвешчаны правіцелем (консулам) Гаіці пры фармальным прызнанні франц. суверэнітэту. У 1802 аказаў супраціўленне франц. войскам, якія высадзіліся на Гаіці, трапіў у палон. Памёр у франц. турме.
Літ.:
Гонионский СА Гаитянская трагедия. М., 1974.
т. 16, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)