ШАЗА́Р Шнеўр Залман (сапр. Рубашаў Залман; 1889, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1974),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля, пісьменнік і гісторык л-ры. З сям’і прыхільнікаў хасідызму. Атрымаў традыц. яўр. адукацыю, вучыўся на Вышэйшых курсах усходазнаўства (Пецярбург), у Страсбурскім і Берлінскім ун-тах (1912—17). У юнацтве прыхільнік руху Паалей Цыён, з 1907 адзін з лідэраў сіянісцкага руху ў Вільні, з 1912 у Германіі. У 1917—20 у складзе Камісіі па вывучэнні эканам. становішча ў Палесціне распрацоўваў план гасп. развіцця будучай яўр. дзяржавы. З 1924 жыў у Палесціне, удзельнічаў у яўр. прафс. і нац.-вызв. руху. Чл. дэлегацыі Яўр. агенцтва (Сахнут) на Ген. Асамблеі ААН 1947. Пасля абвяшчэння дзяржавы Ізраіль (14.5.1948) дэп. яе парламента (кнесета, з 1949), міністр адукацыі і культуры (1949—51). У 1956—60 старшыня Іерусалімскага выканкома Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. У 1963—73 прэзідэнт Ізраіля. Аўтар гіст.-літ. зб-каў «Гісторыя біблейскай крытыкі» (1925), «Светачы» (1963), аўтабіягр. нарысаў «Перадсвітальныя зоркі» (1949) і ІНШ.
І.П.Герасімава.
т. 17, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)