ІВАНО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (н. 16.7.1929, Масква),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. авіяцыі (1980). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Скончыў Барысаглебскае ваен. вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў (1953), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.​К.​Жукава (1973). З 1970 на камандных пасадах у войсках ППА у Казахстане, Узбекістане, з 1973 — у Беларусі. З 1980 нам. камандуючага ППА БВА. У 1984—89 на ваенна-дыпламат. рабоце. З 1989 у запасе. У 1990—93 інжынер на ВА «Гарызонт», гал. спецыяліст к-та пры СМ Рэспублікі Беларусь па сац. абароне ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў. З 1994 старшыня К-та ветэранаў Узбр. Сіл праваахоўных органаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАХНІ́ШЫН (Юрый Мікалаевіч) (н. 3.3.1949, г. Магадан, Расія),

бел. мастак інтэр’ера. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1971 у ін-це «Мінскпраект», з 1981 на Мінскім маст. камбінаце. Работам уласцівы ўзгодненасць арх. форм і дэкар. аздаблення: інтэр’еры ін-та «Мінскпраект» (1972—73), «Белбыттэхпраекта» і Дома мадэляў № 2 (абодва 1973), Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (1974), гасцініцы і рэстарана «Беларусь» (1974—76), гасцініцы «Кастрычніцкая» (1975—81), аўтавакзала «Усходні» (1980—83), станцый метро «Камсамольская» (1977—78), «Маскоўская» (1979—84), Мінскага епархіяльнага ўпраўлення (1984), канцэртнай залы «Мінск» (1986), Палаца Рэспублікі (1988—98) — усе ў Мінску.

Ю.​Івахнішын. Вестыбюль гасцініцы «Кастрычніцкая» ў Мінску (арх. Л.​М.​Пагарэлаў, Л.​А.​Кустова). 1975-81.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПО́Л (англ. International Criminal Police Organization),

скарочаная назва Міжнар. арг-цыі крымін. паліцыі. Рашэнне пра стварэнне І. прынята на кангрэсе ў Манака ў 1914. Першапачаткова створана ў 1923 як Міжнар. камісія крымін. паліцый (МККП) з цэнтрам у Вене, з 1938 у Берліне. Аднавіла дзейнасць у 1946 з цэнтрам у Сен-Клу каля Парыжа, з 1956 сучасная назва. І. выступае ў якасці міжнар. цэнтра рэгістрацыі злачынцаў, ажыццяўляе таксама каардынацыю пошукаў злачынцаў (падазроных; асоб, якія прапалі без вестак; выкрадзеных каштоўнасцей). Вышэйшы орган І. — Генеральная Асамблея, у якасці пастаянных спец. органаў дзейнічаюць Ген. сакратарыят і нац. цэнтральныя бюро. Членамі І. з’яўляюцца больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь; у кожнай дзяржаве створана цэнтр. нац. бюро І.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.11.1923, р.п. Локаць Брасаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1976), праф. (1994). Засл. лесавод Рэспублікі Беларусь (1991). Скончыў Бранскі лесагасп. ін-т (1949). З 1960 у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі (у 1964—92 заг. лабараторыі). Навук. працы па асновах высечак догляду ў лясах, правядзенні высечак абнаўлення і перафарміравання, вядзенні гаспадаркі ў дубровах Беларусі. Аўтар распрацоўкі матэм. мадэлі і табліц ходу росту ствалавой драўніны і надземнай фітамасы хвойных культур, адзін з аўтараў стратэг. плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі (1997).

Тв.:

Постепенные и выборочные рубки в лесах Белоруссии. Мн., 1969 (разам з В.​А.​Феафілавым).

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),

беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.

Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.

Ландрас.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЕЎ (Сяргей Сяргеевіч) (16.4.1881, Кіеў — 25.8.1936),

савецкі ваен. дзеяч, камандарм 1-га рангу (1935). У арміі з 1898. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1900) і Акадэмію Генштаба (1907). Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. паўн.-зах. Беларусі. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну ў 1918—19 нач. стралк. дывізіі (у Віцебску), пам. ваен. кіраўніка Зах. ўчастка атрадаў заслоны (усх. Беларусь), камандуючы Усх. фронтам, у 1919—24 галоўнакамандуючы Узбр. сіламі рэспублікі. У 1924—27 чл. РВС СССР, адначасова на розных пасадах у вышэйшым апараце РСЧА. У 1927—34 нам. наркома па ваен. і марскіх справах, нам. старшыні РВС СССР. З 1934 нач. Упраўлення ППА Чырв. Арміі. Чл. ВЦВК (1921—36).

Э.​А.​Ліпецкі.

С.С.Каменеў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕНЬ (Маркс Аронавіч) (н. 15.7.1932, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1960). З 1985 у Рэсп. міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў нар. гаспадаркі (Мінск). З 1991 у Нац. ін-це адукацыі, з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах псіхалогіі кіравання, авіяц., ваен. і інж. псіхалогіі.

Тв.:

Социально-психологические аспекты управления производством. Мн., 1989 (разам з Т.​Л.​Цямушка);

Управление коллективом. Мн., 1997;

Образ в системе психической регуляции познавательной и исполнительской деятельности. Мн., 1997 (разам з В.​М.​Вадлазеравым).

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Іван Іванавіч) (24.1.1919, в. Ціманава Валуйскага р-на Белгародскай вобл., Расія — 29 1.1986),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1948—53. клас М.​Аладава). У 1953—70 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі, выд-ве «Беларусь». Асн. творы: аперэта «Новая прыстань» (1977, лібр. І.​Васілеўскара); кантаты, у т. л. «Палі стэпавыя» (1958), «Радуйся, наша зямля» для хору а капэла (1961), «Гімн Радзіме і чалавеку-тварцу» (1963), «Светлы шлях» (1967); «Нёманскі край» для нар. хору з арк. нар. інструментаў (1968), сюіта для хору а капэла «У родным краі», «Дзіцячы альбом» (25 хароў а капэла); песні і інш.

Літ.:

Загародні Г.М. Іван Кузняцоў. Мн., 1971.

Г.​М.​Загародні.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Піліп Піліпавіч) (25.12.1907, с. Жоўтае Пяціхацкага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1973),

адзін з кіраўнікоў парт. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). З 1931 у Чырв. Арміі. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, камандзір палка. У партызанах з сак. 1942: нач. штаба, камісар атрада, з мая 1942 камандзір партыз. брыгады імя Варашылава, са снеж. 1942 — партыз. злучэння Слуцкай зоны. У сак.ліп. 1943 чл. Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б, са жн. 1943 нач. штаба Беластоцкага партыз. злучэння, адначасова ў ліст. 1943 — ліп. 1944 чл. Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСІ́ (Carassius),

род прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 віды: К. звычайны, або залаты (Carassius carassius), і К. сярэбраны (C. auratus), які бывае 2 падвідаў. Пашыраны ў Еўразіі. Адзін падвід (C.a. auratus), ад якога паходзіць акварыумная залатая рыбка, жыве ў Кітаі, другі (C.a. gibelio) — ад бас. Амура да З Еўропы. На Беларусь К. сярэбраны завезены ў 1948. Жывуць у азёрах, рэках, сажалках.

Даўж. да 50 см, маса да 5 кг. Луска буйная. Цела высокае, спіна цёмна-карычневая, бакі залацістыя. Палавая спеласць у 2—5 гадоў. Для К. сярэбранага ўласцівы гінагенез. Нераст парцыённы. Кормяцца бентасам, планктонам, воднай расліннасцю, дэтрытам. Зімуюць на дне вадаёмаў, у муле.

Карасі: 1 — залаты, 2 — сярэбраны.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)