транспартны сродак невял. умяшчальнасці для перавозкі грузаў і людзей па вузкакалейнай чыгунцы. Бывае ў выглядзе платформы ці з жорстка замацаваным або перакульным кузавам, з адкіднымі сценкамі і інш. Перамяшчаецца лакаматывамі, самакатам па пакатах або сваім ходам (самаходныя ваганеткі). Грузападымальнасць 1—5 т, у асобных выпадках 8—10 т і болей. Пасажырскія ваганеткі перавозяць 6—18 чал. Выкарыстоўваюцца на кар’ерах, рудніках, шахтах, унутрызаводскіх лініях, буд. пляцоўках і інш.
Ваганетка: а — рудніковая пасажырская; б — самаразгрузная з адкідным днішчам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКАСО́Л, вітамін K3,
сінтэтычны водарастваральны аналаг вітаміну K3, бісульфітнае вытворнае 2-метыл-1,4-нафтахінону, C11H9NaSO5∙3H2O. Белы або з жаўтаватым адценнем парашок. Садзейнічае павышэнню колькасці пратрамбіну ў крыві печані і ўзмацненню згусальнасці крыві. Па дзеянні ў 2 разы больш актыўны за натуральны вітамін K3 (філахінон). Сутачная патрэбнасць у вікасоле для дарослага чалавека ў норме 1 мг. Лек.сродак для спынення крывацёку, лячэння жаўтухі, гемарою, вострага гепатыту, прамянёвай хваробы і інш., таксама для прафілактыкі K-гіпавітамінозу і K-авітамінозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІАРА́БІК (ад гумі + лац. arabicus аравійскі),
камедзь арабская, празрыстая вязкая вадкасць, якую выдзяляюць розныя віды акацый і якая зацвердзявае на паветры. Уяўляе сабой комплекс поліцукрыдаў, у саставе якіх глюкоза, арабіноза, рамноза, глюкуронавыя к-ты. Раней гуміарабік выкарыстоўвалі ў медыцыне як сродак, што памяншае раздражненне слізістых абалонак пры выкарыстанні некат. лекаў, для прыгатавання пілюль і эмульсіі у прам-сці — у якасці клеючага рэчыва і як стабілізатар некат. злучэнняў. З развіццём хіміі палімераў гуміарабік практычна страціў сваё прызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТАЦЫ́КЛ (ад лац. motor які прыводзіць у рух + грэч. kyklos круг, кола),
двухколавы трансп.сродак з рухавіком унутр. згарання з рабочым аб’ёмам больш за 50 см³. Выпускаюцца таксама М. з бакавым прычэпам — каляскай для аднаго пасажыра ці невял. грузу. Паводле прызначэння падзяляюцца на дарожныя, спарт. і спецыяльныя. Рухавік карбюратарны 2- або (радзей) 4-тактавы, ахаладжэнне сустрэчным патокам паветра (асобныя мадэлі спарт. і высокафарсіраваных дарожных М. маюць вадзяное ахаладжэнне). На Беларусі вырабляюцца на Мінскім матацыклетным і веласіпедным заводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРЫЖЭРА́ТАР (франц. réfrigérateur ад лац. refrigerare ахалоджваць),
транспартны сродак з цеплаізаляванымі камерамі і халадзільнымі ўстаноўкамі для перавозкі хуткапсавальных грузаў. У якасці Р. выкарыстоўваюць спец. ізатэрмічныя аўтамабілі і прычэпы, вагоны і паязды, судны. Ізатэрмічныя аўтамабілі маюць кузаў з цеплаізаляцыяй, якая абмяжоўвае цеплаабмен паміж унутр. і вонкавымі паверхнямі. Адрозніваюць аўтамабілі-лядоўнікі, аўтамабілі-Р. (з аўтам. халадзільнымі ўстаноўкамі) і з эл. ацяпленнем (забяспечвае т-ру ад +10 да -15 °C). Рэфрыжэратарныя судны бываюць грузавыя (сухагрузы) або грузапасажырскія; пашыраны рэфрыжэратарныя рыбапрамысловыя судны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІГАЛО́Ў (Conium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца балігалоў плямісты (Conium maculatum). Расце на сметніках каля жылля, дарог і па берагах рэк.
Двухгадовыя травяністыя расліны з непрыемным мышыным пахам. Сцябло голае, галінастае, тонкабаразнаватае, часта з пурпуровымі плямамі. Лісце звычайна тройчыперыстае, з похвамі. Кветкі дробныя, белыя, у складаных шчыткападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек. (болепатольны, заспакаяльны і проціракавы сродак), дубільныя, інсектыцыдныя і ядавітыя (маюць алкалоіды каніін, халін, канідрын і інш.) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦА (Asperugo),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 1 від — вастрыца распасцёртая (Asperugo procumbens). Пашыраны ў Еўропе, Азіі, у Паўн. Афрыцы, як занесеная расліна — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку як пустазелле на агародах і каля жылля.
Аднагадовая цвёрдаапушаная травяністая расліна з распасцёртым па зямлі сцяблом даўж. да 60 см. Лісце чаргаванае, падоўжана-эліпсоіднае. Кветкі дробныя, спачатку фіялетавыя, потым блакітныя ці сінія, адзіночныя або па 2—3 у пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы і адхарквальны сродак) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЧКА (Clinopodium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.
2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.