БЕТЭ́ЛЬ,

1) кустовая трапічная расліна — перац бетэль (Piper betle) з сям. перцавых. Пашыраны ў Інданезіі. Разводзіцца ў трапічнай Азіі. Выкарыстоўваюць як узбуджальны наркатычны і лек. (танізоўны, антысептычны) сродак, мае востры эфірны алей.

2) Сумесь вострага на смак лісця і пладоў перцу бетэлю з пэўнымі дамешкамі, якую мясц. жыхары ўжываюць для жавання свежай або ў выглядзе масцікі для танізавання і ўзбуджэння нерв. сістэмы. У якасці дамешкаў ідуць кавалкі насення арэкавай пальмы з невял. колькасцю нягашанай вапны (для нейтралізацыі к-т, якія мае лісце). Поласць рота, язык, дзясны і сліна афарбоўваюцца ў крывава-чырвоны колер, зубы чарнеюць.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)