α-амінаізаваляр’янавая кіслата, (CH3)2 CHCH(NH2)—COOH, адна з незаменных амінакіслот. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў у выглядзе L-ізамера, удзельнічае ў сінтэзе пантатэнавай кіслаты і пеніцыліну. Крышталічнае рэчыва. Добра раствараецца ў вадзе. Будову валіну вызначыў і даказаў штучным сінтэзам ням. біяхімік Э.Фішэр. Колькасць валіну ў бялку ад 4,1 (міяглабін коней) да 8% (сываратачны альбумін чалавека, казеін малака), у асобных выпадках да 13—14% (эластын злучальных тканак). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў валіне 1,6 г. Адсутнасць валіну ў ежы вядзе да адмоўнага азоцістага балансу, у выніку затрымліваецца рост, у нерв. сістэме адбываюцца дэгенератыўныя змены. Валін выкарыстоўваюць у вытв-сці граміцыдзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Аляксандр Патапавіч) (н. 2.2.1935, в. Берказы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Д-рбіял.н. (1974). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1960). З 1961 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі дзеяння гербіцыдаў, рэгулятарных механізмах патагенезу і фітаімунітэту. Выяўлена здольнасць прыродных фенолаў рэгуляваць рост клетак расцягваннем. Распрацаваны метады аналізу фітагармонаў і фенольных злучэнняў, спосабы павелічэння ўстойлівасці і прадукцыйнасці раслін.
Тв.:
Ароматические оксисоединения — продукты и регуляторы фотосинтеза. Мн., 1983 (разам з А.П.Прохарчыкам);
Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988 (у сааўт.);
Физиология плодообразования люцерны. Мн., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫ (ад лац. galla чарнільны арэшак),
цэцыдыі, мясцовыя паталагічныя разрастанні (новаўтварэнні) тканак раслін. Маюць выгляд бародавак, нарасцей, шарыкаў (напр., т.зв. «чарнільныя арэшкі» на лістах дуба), складак і інш. Выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі, грыбамі, нематодамі, кляшчамі, насякомымі (арэхатворкамі, галіцамі, гесенскай мухай, лістаблошкамі, пільшчыкамі, тлямі і інш.). Вядома больш за 15 тыс. разнавіднасцей галаў. Узнікаюць у выніку мех. раздражнення клетак або ўздзеяння хім. рэчываў (таксінаў). У галах назапашваецца вял. колькасць вады і пажыўных рэчываў, за кошт якіх жывяцца паразіты. Аслабляюць расліну, парушаюць абмен рэчываў, затрымліваюць рост і могуць прывесці да гібелі. Галы на дубе, сумаху, фісташцы багатыя дубільнымі рэчывамі, выкарыстоўваюцца для іх прамысл. атрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),
кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.
Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв. смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д. называюць таксама некаторыя інш. віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д., кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),
расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб.апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял.Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РШУК (Уладзімір Канстанцінавіч) (н. 25.8.1935, г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1980), праф. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). Працаваў настаўнікам, з 1960 выкладае ў ВНУ, з 1982 заг. кафедры БДУ. У 1984—94 гал. рэдактар серыі «Весніка БДУ». Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю Беларусі, праблемы грамадскіх рухаў і паліт. партый, гісторыю Вял.Айч. вайны. Адзін з аўтараў навук. дапаможнікаў «Палітычная гісторыя XX ст.» (1990), «З гісторыі палітычных партый» (1993), «Праграмныя дакументы палітычных партый» (1994).
Тв.:
В труде воспитывается человек будущего. Мн., 1963;
На галоўным напрамку. Мн., 1971;
Рост трудовой активности рабочего класса. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,
чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс.г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.
Л.І.Цягака.
Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),
захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.