Рост (у раслін) 9/154

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рост (у жывёл і чалавека) 9/154

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«РОСТ»

(абрэвіятура ад «Русское общество спичечной торговли»),

манапалістычная збытавая арг-цыя запалкавых фабрыкантаў Рас. імперыі; існавала ў 1908—17. Утварылася ў выніку аб’яднання рэгіянальных сіндыкацкіх устаноў — Зах. камітэта запалкавых фабрыкантаў у Мінску (дзейнічаў пры Мінскім камерцыйным банку) і Усх. камітэта ў С.-Пецярбургу (пры С.-Пецярбургскім уласным камерцыйным банку). Праўленне знаходзілася ў С.-Пецярбургу. «Р.» займалася камісійным продажам запалак, рэгуляваннем аб’ёмаў вытв-сці і продажу запалак, выпрацоўкай адзінай цэнавай і збытавой палітыкі. Ліквідавана ў 1912, адноўлена ў 1913 з удзелам запалкавага акц. т-ва «У.​А.​Лапшын» і С.-Пецярбургскага ўласнага камерцыйнага банка, аднак бел. фабрыканты, на долю якіх прыпадала да 12% усёй вытв-сці запалак у Расіі, у яго не ўвайшлі.

В.​М.​Сяховіч.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСТ,

павелічэнне масы і лінейных памераў асобіны і яе органаў. Адбываецца за кошт павелічэння колькасці і масы клетак, няклетачных утварэнняў у выніку перавагі працэсаў анабалізму над працэсамі катабалізму. У жывёл Р. звязаны з якаснымі зменамі — дыферэнцыроўкай. Некат. жывёлы (напр., малюскі, рыбы, земнаводныя) растуць на працягу ўсяго жыцця, у інш. Р. спыняецца на пэўным узросце (напр., шэраг насякомых, птушкі). Працэсы Р. маюць сезонную (звязаныя са зменай пары года, што адлюстроўваецца ў гадавых слаях шкілетных структур) і сутачную (назіраецца па частаце дзялення клетак і павелічэнні памераў усяго арганізма) рытмічнасці; ёсць інш., напр., 15-сутачныя рытмы Р. марскіх малюскаў, звязаныя з прылівамі. Спадчыннасць Р. вызначаецца ўздзеяннем многіх генаў. На Р. уплываюць забяспечанасць ежай, т-ра, вільготнасць (для наземных арганізмаў), салёнасць (для марскіх арганізмаў), шчыльнасць папуляцыі і інш. фактары навакольнага асяроддзя. Рэгулюецца пераважна гармонамі (напр., у пазваночных жывёл — гармонамі гіпофіза, вілачкавай, шчытападобнай і палавых залоз). Р. чалавека, або даўжыня цела — праекцыйная адлегласць ад т.зв. верхавінкі галавы да плоскасці ступняў. У спалучэнні з інш. адзнакамі характарызуе фіз. развіццё, прапорцыі цела, часам этн. прыналежнасць. Залежыць ад сукупнасці фактараў асяроддзя, спадчыннасці і мае ўзроставую, палавую, групавую, унутрыгрупавую (індывід.) і эпахальную зменлівасць. У 1-ы год жыцця сярэдні прырост звычайна 24 см, да 3 гадоў — 10 см, да 7 гадоў — 6—6,5 см, у перыяд палавога выспявання — 5—7 см. З 10 да 14 гадоў дзяўчынкі растуць больш інтэнсіўна, але пасля 14 гадоў хлопчыкі зноў становяцца вышэйшымі. У мужчын працэс Р. заканчваецца ў 18—20 гадоў, у жанчын — у 16—18 і даўж. іх цела на 8—11 см меншая, чым у мужчын. Пасля заканчэння Р. і прыкладна да 50 гадоў даўж. цела стабільная, потым паступова памяншаецца. У чалавека Р. не заўсёды звязаны з геагр. становішчам і кліматам. Напр., малы Р. (ніжэй за 160 см у мужчын) маюць эскімосы, бураты, в’етнамцы; вял. (вышэй за 170 см) — шатландцы, шведы, жыхары Балканскага п-ва. Размах індывід. зменлівасці большы за групавую (18—20 см ад сярэднеарыфм. значэння Р. людзей дадзенай групы). Эпахальныя змены праяўляюцца, напр., у акселерацыі. Паталаг. парушэнні Р. чалавека, звязаныя з дзейнасцю залоз унутр. сакрэцыі, — карлікавы рост і гігантызм. Р. раслін — неабарачальнае павелічэнне памераў і масы раслін, звязанае з новаўтварэннем элементаў іх структуры (клетак, тканак, органаў); аснова рухаў раслін (настый, трапізмаў). Асн. этапы Р. (дзяленне клетак, іх расцяжэнне і дыферэнцыроўка) адбываюцца ў спец. утваральных тканках, мерыстэмах, таму расліны здольны расці на працягу ўсяго жыцця. Тыпы Р. розных органаў вызначаюцца размяшчэннем мерыстэм. Важная асаблівасць — рытмічнасць (чаргаванне працэсаў інтэнсіўнага і запаволенага Р.). Ёсць рытмы, звязаныя са зменамі навакольнага асяроддзя, і рытмы, якія кантралююцца ўнутр. фактарамі, замацаванымі генетычна ў ходзе эвалюцыі. Працэс Р. перапыняецца працяглымі перыядамі яго тармажэння, якія звязаны ў паўн. ш. з памяншэннем светлавога дня і надыходам зімы, а ў паўд. — з засушлівым сезонам. Рэгуляцыя Р. фітагармонамі заснавана на яго стымуляцыі (аўксіны, гіберэліны і інш.) і прыгнечанні (абсцызавая кіслата). Інтэнсіўнасць роставых працэсаў залежыць ад асветленасці, мінер. жыўлення, воднага рэжыму, даўжыні дня, т-ры. Р. мікраарганізмаў — каардынаванае самаўзнаўленне клетачных кампанентаў, якое прыводзіць да размнажэння клетак і павелічэння біямасы папуляцыі. Працэсы Р. адбываюцца больш інтэнсіўна, чым у жывёл і раслін (напр., у некат. бактэрый падваенне біямасы адбываецца за 5 мін). Макс. магчымая хуткасць Р. залежыць ад віду мікраарганізмаў, саставу пажыўнага асяроддзя і ўмоў. Клеткі, што не растуць і не перайшлі ў стан спакою (споры), вычэрпваюць рэзервовыя рэчывы і паступова адміраюць.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Карлікавы рост 3/488; 5/443

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,

рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уставачны рост

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,

паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Няўхільны рост прадукцыйнасці грамадскай працы 1/525; 7/560; 11/414

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пераважны рост вытворчасці сродкаў вытворчасці 1/525; 8/377; 10/26; 11/414

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)