«РОСТ»
(абрэвіятура ад «Русское общество спичечной торговли»),
манапалістычная збытавая арг-цыя запалкавых фабрыкантаў Рас. імперыі; існавала ў 1908—17. Утварылася ў выніку аб’яднання рэгіянальных сіндыкацкіх устаноў — Зах. камітэта запалкавых фабрыкантаў у Мінску (дзейнічаў пры Мінскім камерцыйным банку) і Усх. камітэта ў С.-Пецярбургу (пры С.-Пецярбургскім уласным камерцыйным банку). Праўленне знаходзілася ў С.-Пецярбургу. «Р.» займалася камісійным продажам запалак, рэгуляваннем аб’ёмаў вытв-сці і продажу запалак, выпрацоўкай адзінай цэнавай і збытавой палітыкі. Ліквідавана ў 1912, адноўлена ў 1913 з удзелам запалкавага акц. т-ва «У.А.Лапшын» і С.-Пецярбургскага ўласнага камерцыйнага банка, аднак бел. фабрыканты, на долю якіх прыпадала да 12% усёй вытв-сці запалак у Расіі, у яго не ўвайшлі.
В.М.Сяховіч.
т. 13, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)