МА́РТАЎ (Л.) (сапр.Цэдэрбаўм Юлій Восіпавіч; 24.11.1873, г. Стамбул — 4.4.1923),
дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Расіі, адзін з лідэраў меншавікоў. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1892 за рэв. дзейнасць высланы ў Вільню. У 1895 адзін з заснавальнікаў (з У.І.Леніным і інш.) марксісцкага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу. У 1896 арыштаваны і сасланы ў с. Туруханск Енісейскай губ. З 1901 у эміграцыі, адзін з рэдактараў с.-д. газет «Искра» і «Заря». На II з’ездзе РСДРП (1903) выступіў супраць ленінскага арганізац. плана пабудовы партыі. У 1905 чл. Пецярбургскага савета, з 1907 зноў у эміграцыі. У 1908—10 адзін з прыхільнікаў ператварэння РСДРП у легальную партыю (т.зв. ліквідатарства), у 1912—14 адзін з лідэраў «жнівеньскага блока» ў РСДРП (меншавікі, трацкісты, бундаўцы і інш.). У 1-ю сусв. вайну займаў цэнтрысцкія пазіцыі. З 1917 у Расіі, лідэр левай плыні ў меншавіцкай партыі. На II з’ездзе Саветаў (ліст. 1917) прапаноўваў стварыць урад з прадстаўнікоў усіх сацыяліст. партый. Асуджаў палітыку бальшавікоў, у т. л. разгон Устаноўчага сходу ў студз. 1918, арышты паліт. праціўнікаў і інш. У 1919 дэлегат (ад меншавікоў) VII Усерас. з’езда Саветаў, чл.ВЦВК, у 1919—20 дэп. Маскоўскага Савета. З вер. 1920 у эміграцыі. Адзін з арганізатараў Інтэрнацыянала 2 1/2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЗІТЫВІ́ЗМ,
адзін з асн. кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Узнік у 1920-я г. ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы як спроба лагічна абгрунтаваць навук. веды. З сярэдзіны 1930-х г. яго цэнтрамі сталі Вялікабрытанія і ЗША. Асн. ідэі Н. бяруць пачатак у эмпірызме і фенаменалізме (Дж.Берклі, Д.Юм). Н. лічыць прадметам філасофіі мову, найперш мову навукі як спосаб выражэння ведаў, а таксама дзейнасць па аналізе гэтых ведаў. Ідэі Н. знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці Венскага гуртка, на аснове якога склаўся лагічны пазітывізм (М.Шлік, Р.Карнап, О.Нейрат), і яго прыхільнікаў у Германіі (Р.Мізес, Г.Рэйхенбах), Вялікабрытаніі (Л.Вітгенштэйн, А.Дж.Аер, К.Попер), ЗША (Ч.Морыс) і інш. Метадам ачышчэння філасофіі ад «метафізікі» быў прызнаны т.зв. прынцып верыфікацыі, паводле якога праверка навук. асэнсаванасці і сапраўднасці выказванняў адбываецца шляхам параўнання іх з фактамі вопыту. На сучасным этапе існуюць 2 асн. разнавіднасці Н. — «лінгвістычны аналіз» у Вялікабрытаніі (Дж.Осцін, Г.Райл, П.Стросан і інш.) і аналітычная філасофія ў ЗША (У.Куайн, Н.Гудмен, А.Пап, М.Уайт і інш.). Лінгвістычны Н. выключае са сферы аналізу не толькі метафізічныя пытанні, але і філас. праблемы мовы навукі; мэтай аналізу лічыць разуменне характару ўжывання звычайнай мовы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі і філасофіі навукі. Гл. таксама Канвенцыяналізм, Лагічны атамізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IIIФёдаравіч
(сапр.Карл Пётр Ульрых Гальштэйн-Гаторпскі; 21.2.1728, г. Кіль, Германія — 18.7.1762),
расійскі імператар [студз.—ліп. 1762]. Першы прадстаўнік гальштэйн-гаторпскай лініі (1762—1917) дынастыі Раманавых. Сын гальштэйн-гаторпскага герцага Карла Фрыдрыха і Ганны Пятроўны, дачкі Пятра I. У 1742 рас. імператрыца Лізавета Пятроўна абвясціла яго сваім наследнікам. Пасля ўступлення на прастол П. III, як прыхільнік Прусіі, спыніў ваен. дзеянні супраць яе ў Сямігадовай вайне 1756—63, чым выклікаў незадаволенасць у патрыятычна настроеных колах грамадства. Санкцыянаваў шэраг важных мерапрыемстваў. распрацаваных набліжанай да яго прыдворнай групоўкай (А.І.Глебаў, М.І.Варанцоў, Дз.В.Волкаў і інш.): Маніфест аб вольнасці дваранства 1762, скасаванне Тайнай канцылярыі і інш. Падрыхтоўка да секулярызацыі манастырскіх маёнткаў, большая верацярпімасць да прыхільнікаўрасколу і пратэстантаў, закрыццё хатніх цэркваў і інш. перамены выклікалі незадаволенасць правасл. духавенства. Малаадукаваны, няздольны да кіравання, П. III насаджаў у арміі прускія парадкі. Незадаволеная гэтым і антынац. знешняй палітыкай імператара гвардыя ўзвяла (9.7.1762) на прастол яго жонку Кацярыну II. П. III быў арыштаваны і неўзабаве забіты гвардз. афіцэрамі. Дварцовы пераварот спарадзіў у народзе неабгрунтаваныя чуткі быццам П. III скінуты дваранамі за намер вызваліць сялян ад прыгону (як «вызваліў» дваран). Пад імем П. III выступалі многія самазванцы, у т. л. Е.І.Пугачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У час франц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.
Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр.ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.С.Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс.ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯХА́НАЎ (Георгій Валянцінавіч) (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),
расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнік рас.сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр.Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл.Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ.«Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаўэмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.
Тв.:
Соч.Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;
Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.
Літ.:
Тютюкин С.В. Г.В.Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),
падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл. Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.Адамс, М.Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыяІрл.сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.
Літ.:
Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЧЫК (Павел) (сапр.Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаўБеларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦККПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл.Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦККПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦККПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.—жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦККПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУСБССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.
Літ.:
Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел.гіст.часоп. 1996. № 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
рэвалюцыйная марксісцкая партыя ў Расіі. Абвешчана на Першым з’ездзе РСДРП (1898, Мінск); закончана стварэнне партыі на II з’ездзе (1903, Брусель—Лондан), які прыняў Праграму і Статут, сфарміраваў ЦК і цэнтр. орган партыі — рэд.газ. «Искра», замацаваў перамогу радыкальнай большасці (прыхільнікі У.І.Леніна) над больш памяркоўнай меншасцю (Л.Мартаў, П.Б.Аксельрод, Г.В.Пляханаў і інш.). Паводле вынікаў II з’езда ў партыі склаліся 2 плыні: камуніст. — бальшавікі і сацыял-дэмакр. — меншавікі; яны вялі паміж сабой барацьбу, але заставаліся ў рамках адной РСДРП. VI (Пражская) Усерас. канферэнцыя РСДРП (1912) выключыла з партыі меншавікоў-ліквідатараў (прыхільнікаў пераўтварэння РСДРП у легальную парламенцкую партыю). З гэтага часу фактычна існавалі 2 партыі: РСДРП бальшавікоў і РСДРП меншавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Расіі (у т. л. на Беларусі) непрацяглы час (да жн.—вер. 1917) існавалі аб’яднаныя с.-д. арганізацыі РСДРП («аб’яднанкі»), якія ліквідаваны па ініцыятыве бальшавікоў. На VII з’ездзе (1918) РСДРП бальшавікоў перайменавана ў Рас.Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIV з’ездзе (1925) — ва Усесаюзную Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIX з’ездзе (1952) — у Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС). РСДРП меншавікоў адмоўна ўспрыняла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, у грамадз. вайну актыўна змагалася супраць бальшавікоў. У 1924 яна як арганізаваная сіла спыніла існаванне на тэр.СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.
Літ.:
История политических партий России М., 1994;
Гл. таксама літ. пры арт.Камуністычная партыя Савецкага Саюза, Меншавікі.