РАБЕСП’Е́Р ((Robespierre) Максімільен Франсуа Мары Ізідор дэ) (6.5.1758, г. Арас, Францыя — 28.7.1794),
дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вучыўся ў Калежы Людовіка Вялікага ў Парыжы, скончыў юрыд. факультэт Сарбоны (1780). З 1781 адвакат у Арасе. З 1783 чл. Араскай акадэміі навук і мастацтваў, з 1788 яе прэзідэнт. У 1789 дэпутат Генеральных штатаў ад трэцяга саслоўя. Актыўна ўдзельнічаў у іх працы і ў дзейнасці створанага на іх аснове Нац. сходу, з ліп. 1790 яго сакратар. Абараняў інтарэсы шырокіх нар. мас, насуперак ліберальнай большасці сходу, выступаў супраць замацаваных канстытуцыяй 1791 каралеўскага права вета, падзелу грамадзян на актыўных і пасіўных, маёмаснага цэнзу на выбарах, захавання рабства ў калоніях і г.д. У 1791—92 працаваў у секцыях камуны Парыжа, выдаваў штотыднёвік «Défenseur de la constitution» («Абаронца канстытуцыі»), на старонках якога выказваў свае погляды. Меў падтрымку шэрагу дэмакр. арг-цый: Якабінскага клуба, Клуба кардэльераў, паліт. клубаў Марселя, Версаля, Тулона і інш. гарадоў. Асуджаў агітацыю жырандыстаў за рэв. вайну супраць феад.-абсалютысцкіх манархій Еўропы. Пасля пачатку вайны Францыі з Аўстрыяй і Прусіяй (крас. 1792) агітаваў за рэв. метады вядзення вайны. Р. не прыняў непасрэднага ўдзелу ў паўстанні 10.8.1792, якое скінула караля, але на наступны дзень быў абраны чл. камуны Парыжа. У вер. 1792 абраны дэпутатам ад Парыжа ў Нац.Канвент, дзе стаў адным з найб. уплывовых дзеячаў якабінцаў. Узначаліў барацьбу супраць панавання жырандыстаў, быў сярод рашучых прыхільнікаў смяротнага пакарання караля Людовіка XVI. Як і Ж.П.Марат, быў адным з паліт. кіраўнікоў нар. выступлення 31.5—2.6.1793, якое скончылася арыштам дэпутатаў-жырандыстаў і пераходам улады да якабінцаў. Р. — адзін з ініцыятараў рэв. палітыкі якабінскага ўрада (агр. заканадаўства, якое ліквідавала феад. землеўладанне, прыняцце радыкальнай канстытуцыі 1793 і інш.). 27.7.1793 Р. абраны чл.К-таграмадз. выратавання (КГВ), фактычна кіраваў ім. Пры Р. КГВ ператварыўся ў гал. орган рэв. дыктатуры, якая змяніла канстытуцыйнае кіраванне (гл.Якабінская дыктатура). Канцэнтрацыя ўлады і ўсіх сіл спрыяла перамозе франц. армій да лета 1794 над унутр. і знешняй контррэвалюцыяй. Ў гэты час абвастрылася барацьба ў рэв. кіраўніцтве. Пачаліся рэпрэсіі супраць б. паплечнікаў Р., не згодных з яго палітыкай — прыхільнікаў Ж.Ж.Дантона, Ж.Р.Эбера і інш. Гэта прывяло да змовы супраць Р. ў Канвенце і Тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794. Р. быў арыштаваны і без суда пакараны смерцю разам з групай сваіх бліжэйшых паплечнікаў.