пасіўнае прыняцце існуючага парадку, пануючых у грамадстве думак, меркаванняў і інш.; беспрынцыпнае прыстасавальніцтва. К. азначае адсутнасць у асобы ўласнай пазіцыі, некрытычнае перайманне любых узораў, што валодаюць найб. сілай націску (меркаванне большасці, аўтарытэт, традыцыі і інш.). Аб’ектыўна К. як маральна-паліт. з’ява з’яўляецца вынікам паліт. бяспраўя людзей, дысбалансу правоў і абавязкаў дзяржавы і чалавека, бюракратычных органаў кіравання. Ступень К. асобы ў адносінах да групы залежыць ад комплексу аб’ектыўных сац. умоў (становішча індывіда ў групе, узровень агульнай і прававой культуры ў грамадстве і інш.) і суб’ектыўных індывід. асобасных фактараў (узровень інтэлектуальнага, культ. і маральна-этычнага развіцця асобы, устойлівасць самаацэнкі і інш.). Маральна-паліт. К. не трэба атаясамліваць з канформнасцю як псіхал. з’явай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯЦЕ́ЛІЦА»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.Федароўскага, П.Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.Алексютовіч, А.Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.Крошнера), А.Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КАРЫЕВЫЯ (Tayassuidae),
сямейства няжвачных парнакапытных кл. млекакормячых. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 2 роды, 3 віды: пекары ашыйнікавы (Tayassu tajacu), белабароды (T. pecari) і чакскі (Catagonus wagneri), які занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Пашыраны ў Амерыцы. Жывуць у разнастайных ландшафтах, ад засушлівых месцаў да вільготных трапічных лясоў. Трымаюцца групамі да 100 галоў і больш.
Даўж. да 115 см, выш. ў карку да 57 см. маса да 50 кг. Афарбоўка шэра-карычневая і Па знешнім выглядзе падобны да дзікоў, але больш лёгкага целаскладу. Ногі тонкія, ва пярэдніх 4, на задніх 3 пальцы. На крыжы ёсць залоза тыпу мускуснай. Усёедныя. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (зрэдку да 4) дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ГА (стараж.-сканд. saga ад segia казаць, гаварыць),
старажытна-ісландскія празаічныя апавяданні. Захаваліся ў запісах 2-й пал. 12—14 ст. Адрозніваюць 3 віды С. Найб. своеасаблівыя з іх т.зв. родавыя С., ці «сагі аб ісландцах». Для іх характэрны гіст. і быт. рэалізм, эпічная прастата, глыбокі псіхалагізм. Асн. сюжэт — родавыя разлады. Аўтарства гэтых С. не выяўлена. Захаваліся С. пра каралёў Нарвегіі, сярод іх аўтараў — С.Стурлусан і С.Тордарсан. Крыніцамі для іх паслужылі легенды, паэзія скальдаў, апавяданні сведкаў падзей, дакументы. С. пра епіскапаў, правадыроў Ісландыі падобны да хронік і напісаны сведкамі тагачасных падзей. У іх заўважаюцца рэліг.-маралістычныя тэндэнцыі. Рыцарскімі С. наз. празаічныя пераклады рыцарскіх раманаў. Слова «С.» выкарыстоўваецца таксама ў бел. і рус. перакладзе ў дачыненні да ірл. эпасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ТЭЗА (ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),
сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводле рус. логіка М.І.Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,
пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл.Мендэля законы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.
Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
руская феад. дзяржава з цэнтрам у г.Пскоў у 2-й пал. 13 ст. — 1510. Пасля распаду ў 12 ст.Кіеўскай Русі Пскоўская зямля — частка Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Пры князю, выхадцу з ВКЛ, Даўмонце [1266—99] яна фактычна аддзялілася ад Ноўгарада, што юрыдычна замацаваў Болатаўскі дагавор 1348. П.ф.р. мела дзярж. лад, падобны на наўгародскі (веча, пасаднікі, савет баяр, служылы князь). Аснова гаспадаркі — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, развітыя рамёствы, гандаль. Імкнучыся пазбавіцца ад наўгародскай і інш. знешніх пагроз (частыя войны з ВКЛ і Лівонскім ордэнам), П.ф.р. ў 14—15 ст. зблізілася з Маскоўскім вял. княствам, у 1456, 1471 і 1478 падтрымала яго паходы супраць Ноўгарада. У 1510 ліквідавана, яе тэр. далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. У П.ф.р. развіваліся Пскоўская школа дойлідства і Пскоўская школа жывапісу.