ВАЛУ́Й,
бычок (Russula foetens), шапкавы пласціністы грыб з роду сыраежка сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце асобна і групамі ў розных лясах (пераважна ў бярозавых і мяшаных). Пладовыя целы з’яўляюцца летам і ўвосень.
Шапка да 15 см у дыяметры, у маладых грыбоў амаль шарападобная, ліпкая, жаўтаватая, у спелых пукатая або плоска распасцёртая, жоўта-бурая, з бугрыста-рубчастым краем. Пласцінкі спачатку белыя, потым робяцца жаўтаватыя. Ножка тоўстая, белаватая, з пустотамі або пустая. Смак свежага валуя едкі, пах непрыемны. Нізкаякасны ядомы грыб. Спажываецца толькі солены і марынаваны (пасля вымочвання і адварвання). Па вонкавым выглядзе да яго крыху падобны неядомы валуй несапраўдны, або хрэнавы грыб.
т. 3, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)