ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,
сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.
Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (), сярэднямасавую (); Z-сярэднюю (), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл.Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні
. М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 105 да 3∙105).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,
аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).
Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.
Я.У.Чайкоўскі.
Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,
рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн. Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) расходаванне прыбытку на павелічэннекапіталу; ператварэнне ў капітал будучых даходаў прадпрыемства і накіраванне іх на стварэнне асноўнага капіталу, набыццё або буд-ваасн. фондаў. Напр., вартасць машыны — гэта капіталізаваная вартасць будучых даходаў ад машыны; цана зямлі разглядаецца як капіталізаваная рэнта, а цана аблігацыі вызначаецца вартасцю будучых паступленняў.
2) Метад ацэнкі вартасці прадпрыемства паводле яго даходу або прыбытку. Вызначаецца «велічынёй капіталу, здольнага прыносіць такія даходы або прыбытак пры норме прыбытку, роўнай сярэдняму пазыковаму працэнту (плаце за карыстанне крэдытамі).
3) Агульная рыначная вартасць акцый, якія знаходзяцца ў абарачэнні на пэўнай фондавай біржы або ў рамках асобнай краіны. Пад К. біржы разумеецца сума ўсіх акцый, выпушчаных у абарачэнне кампаніямі, каштоўныя паперы якіх дапушчаны да гандлю на дадзенай біржы. Пад К. якой-н. краіны разумеецца сумарная рыначная вартасць кампаній, якія выпусцілі акцыі ў свабоднае абарачэнне на тэр. дадзенай краіны. Паказчык К. ў гэтым выпадку служыць ацэнкай нац. багацця краіны, ёмістасці карпаратыўнага сектара эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛС ((Mills)Чарлз Райт) (28.8.1916, г. Уэйка, штат Тэхас, ЗША — 20.3.1962),
амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Скончыў Тэхаскі ун-т (1939). З 1956 праф. Калумбійскага ун-та. Паслядоўнік М.Вебера і К.Мангейма, зведаў уплыў ідэй К.Маркса, аднак лічыў яго тэорыю «ўстарэлай». Распрацаваў тэорыю сац. канфлікту, у якой вызначыў асн. праблемы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства. У процівагу марксізму вылучыў канцэпцыю «пануючай эліты», да якой адносіў паліт., эканам. і ваен. колы, якія ўдзельнічаюць у прыняцці важнейшых рашэнняў і ўтвараюць адзіную «карпарацыю багацця» ў амер. грамадстве. Пастаянная цэнтралізацыя ўлады і мэтанакіраванае павелічэнневаен. расходаў даюць магчымасць, паводле М., гаварыць аб «ваенным дэтэрмінізме», што, на яго думку, больш правільна, чым «эканамічны дэтэрмінізм» Маркса. Надзею на гуманізацыю грамадства звязваў з інтэлігенцыяй, якая здольна валодаць «сацыялагічным уяўленнем» (здольнасцю разумець працэсы, што адбываюцца ў грамадстве). Крытыкаваў эмпірызм амер. сацыялогіі і т.зв. «высокую тэорыю» Т.Парсанса, заклікаў да стварэння новай сацыялогіі. Зрабіў значны ўплыў на фарміраванне ідэалогіі «новых левых» у ЗША.