ІРАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. irradio ззяю, выпраменьваю) у фізіялогіі, распаўсюджванне ўзбуджэння ці тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Асновай І. з’яўляецца вызначаная марфал. і функцыян. структура розных аддзелаў галаўнога мозга, таму пашыраецца па вызначаных шляхах і ў часавай паслядоўнасці. І. ўзбуджэння асабліва праяўляецца пры моцным раздражненні, калі ў рэфлекторны адказ уцягваюцца і інш. нерв. цэнтры. Напр., на ўмеранае раздражненне токам ступні жывёла адказвае згінаннем лапы ў галёнкаступнёвым суставе, павелічэнне сілы току прыводзіць да згінання нагі ў каленным і тазасцегнавым суставах. Пры ўзнікненні моцнага ачага ўзбуджэння і змены ўласцівасцей нерв. тканкі, І. ўзбуджэння можа стаць паталагічнай, напр., пры эпілепсіі. Тармажэнне таксама распаўсюджваецца ў клетках кары галаўнога мозга.
т. 7, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)