ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),

шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:

Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.​Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.​Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.​Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар. Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦК КПБ, з 1991 нам. гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.​Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;

Журавінавы востраў. Мн., 1998.

Літ.:

Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 4;

Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;

Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.

А.​В.​Спрынчан.

Г.П.Пашкоў.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАКІ,

дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:

Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.​Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.​Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:

Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.​Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯ́РХ (ад грэч. patriarches пачынальнік роду),

вышэйшы епіскапскі тытул у правасл. царкве, кіраўнік памеснай правасл. царквы. У Стараж. Іудзеі П. наз. старшыню сінедрыёна — вышэйшага калегіяльнага органа ўлады. У хрысц. царкве з 4 ст. П. — кіруючы епіскап некаторых гарадоў і зямель (александрыйскі, іерусалімскі, канстанцінопальскі, антыяхійскі, рымскі). З канца 6 ст. канстанцінопальскі П. атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Усяленскія саборы і прызначаць мітрапалітаў. Папа рымскі разглядаўся тады як П. зах. часткі Візантыі. Аднак рым. царква пасля свайго аддзялення не пагадзілася з гэтым і з 13 ст. ўвяла тытул П. для епіскапаў асобных стараж. епархій у падпарадкаванні папы. Тытул П. існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай ў Егіпце, эфіопскай і інш. стараж. усх. цэрквах. Правасл. царква на Беларусі з пачатку свайго існавання і да 1596 знаходзілася пад амафорам (апекай) канстанцінопальскага П. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся і бел. правасл. епархіі. У 1596 канстанцінопальскі П. накіраваў свайго экзарха Нікіфара на правасл. сабор у Брэсце, які выступіў супраць Брэсцкай уніі 1596. У 1620—86 адноўленая правасл. царк. арг-цыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстанцінопальскага П., у 1686—1700 і з 1917 — П. маскоўскага і ўсяе Русі. Першы маскоўскі П. пастаўлены ў 1589 (у 1700—1917 П. не было). Ён кіруе царквой сумесна са Свяшчэнным сінодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыццёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства і вернікаў царквы). За час існавання Маскоўскага патрыярхата было 16 П.: Іоў (1589—1605); Ігнац ш (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Іаасаф I (1634—40); Іосіф (1642—52); Нікан(1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найб. паліт. магутнасці; Іаасаф II (1667—72); Піцірым (1672—73); Іаакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намеснік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (з 1990), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь. У наш час П. ўзначальваюць таксама Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Іерусалімскую, Груз. (каталікос-П.), Сербскую, Балг., Рум. памесныя правасл. цэрквы.

Літ.:

Под Патриаршим омофором. М., 1989.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НЫ,

княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РКІ, Рамейкі-Гуркі,

ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:

Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).

Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.

Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл. Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.

Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.

Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.

Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.

А.​М.​Нарбут.

Да арт. Гуркі. І.​У.​Гурка.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ГРАБ (Zagreb),

горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар. гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.

Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл. Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.

Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.​Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.​Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.

Літ.:

Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;

Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Заграб.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 16 ст.

Адбывалася ў 1566—1609 на тэр. гіст. Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст. капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц. гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.

Літ.:

Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;

Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.

В.​І.​Сініца.

т. 11, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)