расійскі паэт. Вучыўся ў Сарбоне (1907—08), Гайдэльбергскім (1909—10) і Пецярбургскім (1911—17) ун-тах. Друкаваўся з 1907. У ранніх вершах уплыў паэзіі сімвалістаў. З 1912 адзін са стваральнікаў акмеізму (арт.-маніфест «Раніца акмеізму», 1913. апубл. 1919). Вершы гэтага перыяду (зб. «Камень», 1913) адзначаны канкрэтна-рэчавым успрыняццем свету, культ.-гіст. вобразамі і матывамі, імкненнем да дакладна вывераных «архітэктурных» форм. У зб. «Tristia» («кнізе смуткаў», 1922; пад назв. «Другая кніга», 1923) захапленне сярэднявеччам, готыкай змяняецца зваротам да культуры Грэцыі і Рыма; у вершах на інш. тэмы — прынцып асацыятыўнасці вобразнай сістэмы, узнікненне зашыфраванага сэнсу. Вершам 1920—30-х г. (зб. «Вершы», 1928; цыклы «Арменія», 1931; «Варонежскія сшыткі», апубл. 1966) уласцівы трагічнае гучанне, роздум пра адказнасць паэта перад часам, адкрытасць аўтарскага голасу. Кніга аўтабіягр. апавяданняў «Шум часу» (1925) і аповесць «Егіпецкая марка» (1928) пра духоўны крызіс інтэлігента. Аўтар зб. артыкулаў «Пра паэзію» (1928), нарысаў «Падарожжа ў Арменію» (1933), літ.-крытычнага эсэ «Размова пра Дантэ» (1933, апубл. 1967), гісторыка-культ. эсэ, вершаў для дзяцей і інш. Пераклаў асобныя творы Ф.Петраркі, А.Барб’е, В.Скота і інш. У 1934 арыштаваны. сасланы на 3 гады ў Варонеж, у маі 1938 арыштаваны зноў, загінуў у перасыльным лагеры. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́Р, Саарская вобласць (Saarland, неафіц. — Saargebiet),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у басейнах рэк Саар і Мозель, каля граніцы з Францыяй і Люксембургам. Пл. 2570 км². Нас. каля 1,1 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Саарбрукен. Рэльеф узгорысты і нізкагорны (выш. да 595 м). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Т-ра паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 19 °C. За год выпадае каля 700 мм ападкаў. Лясы (дуб, бук, граб) займаюць каля 30% плошчы. Гаспадарка мае індустр. характар. Здабыча кам. вугалю (Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн). Прам-сць: чорная металургія, коксахімія, хім. (гумава-тэхн. вырабы, азотныя ўгнаенні), нафтаперапр., аўтамабілебуд., вагонабуд., эл.-тэхн., шкляная, керамічная, швейная, харчовая (асабліва мясаперапр.). Вырошчваюць збожжа, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак і аўтадарог. Суднаходства на рэках Мозель і Саар.
У сярэднія вякі на тэр. С. існавала графства, што ўваходзіла ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 1790-я г. — 1814 уладанне Францыі. У 1815 большая ч. С. адышла да Прусіі, меншая — да Баварыі. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі. Паводле Версальскага мірнага дагавора /919 перададзены пад кіраванне Лігі Нацый на 15 гадоў (з 10.1.1920). У 1935 у выніку плебісцыту зноў адышоў да Германіі. У 1935—40 адміністрацыйна аб’яднаны з Пфальцам, у 1940—45 наз.Зах.марка. Пасля 2-й сусв. вайны з 2.1.1946 пад франц. кіраваннем (з 1945 у франц.акупац. зоне Германіі). Паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 (Саарскі статут) часова знаходзіўся пад кантролем Заходнееўрапейскага саюза. Пасля адхілення Саарскага статута на плебісцыце 23.10.1955 паводле пагаднення аб С. паміж ФРГ і Францыяй (1956) канчаткова ўключаны ў склад ФРГ і стаў адной з яе зямель (з 1.1.1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, МаркаПола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЗА́НА (Pisano),
мянушка шэрагу італьянскіх скульптараў і архітэктараў 13—14 ст.Нікало П. (каля 1220, Апулія, Італія — паміж 1278 і 1284), скульптар; адзін з заснавальнікаў Протарэнесансу. Зазнаў уплывы паўд.-італьян., тасканскай і стараж.-рым. скульптуры. Сцвярджаў пластыку як мастацтва, тэктанічна раўнапраўнае з архітэктурай. Творы вызначаюцца велічнасцю, пластычнай магутнасцю і адчувальнасцю скульпт. формы: кафедры баптыстэрыя ў Пізе (1260) і сабора ў Сіене (з Арнольфа ды Камбіо, Джавані П. і Лапа), рака св. Дамініка ў царкве Сан-Дамініка ў Балонні (1264—67, з Арнольфа ды Камбіо, Фра Гульельма і інш). Джавані П. (каля 1245—50, г. Піза, Італія — пасля 1314), скульптар і архітэктар; прадстаўнік Протарэнесансу. Сын і вучань Нікало П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Творы адметныя эмац. напружанасцю, спалучэннем традыцый протарэнесансавай пластыкі з гатычнай ламанасцю контураў: 4 мармуровыя статуі мадонны (каля 1276, 1295, 1305—06, 1312), статуя мадонны са слановай косці (1299), статуі на фасадзе сіенскага сабора (1284—99), кафедры ў царкве Сант-Андрэа ў Пістоі (1301) і ў пізанскім саборы (1302—10), фрагменты надмагілля Маргарыты Люксембургскай (1313) і інш.Арх. творчасць развівалася ў рэчышчы готыкі (ніжняя частка фасада сіенскага сабора, 1284—99). Андрэа П. [сапр.Андрэа да Пантэдэра (Andrea da Pontedera); каля 1290, г. Пантэдэра, Італія — 1348—49], скульптар і архітэктар. Творы вызначаюцца спалучэннем яснасці кампазіцыі з вытанчанасцю форм, лінеарнасцю і мяккай плаўнасцю рытмаў (рэльефы паўд. дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя, 1330—36; рэльефы і статуі кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43). У архітэктуры спалучаў познагатычныя і протарэнесансавыя тэндэнцыі (кіраваў буд-вам кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43, сабора ў Арвіета, 1347—48). Ніна П. (каля 1315, г. Піза?, Італія — 1368), скульптар, ювелір, архітэктар. Сын і вучань Андрэа П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Для пластычных твораў характэрны S-падобны выгін фігур, ірацыянальнасць лінейных рытмаў. Аўтар скульптур «Мадонна» (1343—47), «Мадонна дэль Латэ», скульпт. групы на грабніцы дожа Марка Карнара ў царкве Санці-Джавані э Паала ў Венецыі, надмагілля Сальтарэлі ў царкве Санта-Катарына ў Пізе і інш. Пасля смерці бацькі працягваў буд-ва сабора ў Арвіета.
А.Пізана. Мадонна з дзіцем. Статуя кампанілы фларэнційскага сабора. 1337—43.Н.Пізана. Раство. Рэльеф кафедры баптыстэрыя ў Пізе. 1260.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ (Sachsen),
гістарычная вобласць у Германіі. Ядром С. была Майсенская марка (створана на землях, заваяваных герм. феадаламі ў палабскіх славян у 10 ст.), у 1089 яна перайшла да феад. роду Ветынаў, якія таксама набылі ў 1247—64 Цюрынгію і ў 1423 Саксен-Вітэнберг (усх. частка б. Саксонскага герцагства 9—12 ст. — племянной дзяржавы саксаў) разам з тытулам курфюрстаў. За ўладаннямі Ветынаў паступова замацавалася назва С. (спачатку — Верхняя С. ў адрозненне ад Ніжняй С. на ПнЗ Германіі — гіст. вобласці саксаў). У канцы 15—16 ст. С. — важны цэнтр горнай прам-сці, кнігадрукавання, культ. асяродак (у 1409 засн.ун-т у Лейпцыгу, у 1522 у Вітэнбергу); у С. знаходзіліся апорныя пункты Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—26. У выніку Трыццацігадовай вайны 1618—48 курфюрст С. паводле Вестфальскага міру 1648 замацаваў за сабой Верхнія і Ніжнія Лужыцы. У канцы 17—18 ст. С. адзін з найб. эканамічна развітых раёнаў Германіі (горная справа, тэкст.прам-сць; у 1710 пачата вытв-сцьмайсенскага фарфору — першага ў Еўропе, лейпцыгскія кірмашы мелі агульнагерм. значэнне). У 1697—1763 С. была ў асабістай уніі з Рэччу Паспалітай: саксонскія курфюрсты былі адначасова каралямі польскімі і вял. князямі літоўскімі (гл.Аўгуст II, Аўгуст III). С. была арэнай баявых дзеянняў у Паўночную вайну 1700—21, Сямігадовую вайну 1756—63, напалеонаўскія войны. З 1806 выступала на баку Францыі, чл.Рэйнскага саюза 1806—13, набыла статус каралеўства, сталіца — Дрэздэн. Саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст I стаў на чале Варшаўскага герцагства. Рашэннем Венскага кангрэса 1814—15 каля палавіны тэр. С. (з Вітэнбергам) перададзена Прусіі (разам з інш.тэр. склала прускую правінцыю С. з цэнтрам у Магдэбургу). У 1831 у Саксонскім каралеўстве ўведзена памяркоўна-ліберальная канстытуцыя. Адзін з асяродкаў Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі (гл.Дрэздэнскае паўстанне 1849). У аўстра-прускай вайне 1866 на баку Аўстрыі, з 1871 каралеўства ў складзе Герм. імперыі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 — рэспубліка, потым зямля ў Веймарскай рэспубліцы. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, з 1949 у складзе ГДР. Пасля аб’яднання Германіі ў 1990 — зямля Саксонія. Гл. таксама Ніжняя Саксонія і Саксонія-Ангальт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),
1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).
2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).
3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).
4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням.марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар.эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл.Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).
Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.
гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г.Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн.прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).
У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз.Ісп.марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст.паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач.іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ГРАБ (Zagreb),
горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар.гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.
Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл.Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.
Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св.Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.
Літ.:
Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;
Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАЛО́ГІЯ (ад позналац. Sina Кітай + ...логія),
кітаязнаўства, сукупнасць грамадскіх навук, якія вывучаюць гісторыю, філасофію, эканоміку, мовы, л-ру і культуру Кітая. Ужываецца як паняцце па-за межамі гэтай краіны. Першыя звесткі пра Кітай еўрапейцы атрымалі ў канцы 13 ст. з нататак МаркаПола Да сярэдзіны 19 ст. ў Еўропе працягвалася назапашванне навук. звестак пра Кітай. У канцы 16—18 ст. ўклад у С. зрабілі каталіцкія місіянеры-езуіты, у т. л. М.Рычы, які першы з еўрапейцаў азнаёміўся з кіт. класічнымі літ. помнікамі. Важнае значэнне мелі нататкі рас. пасланніка ў Пекіне ў 1655—57 Ф.І.Байкова, даследаванні супрацоўнікаў Рас. духоўнай місіі ў Пекіне (1727—1866), у іх ліку М.Я.Бічурына, П.І.Кафарава, ураджэнцаў Беларусі І.А.Гашкевіча і А.М.Кульчыцкага. Пашырэнне кантактаў Кітая з зах. светам пасля паражэнняў у т.зв. опіумных войнах 1840—42 (з Вялікабрытаніяй) і 1856—60 (з Вялікабрытаніяй і Францыяй) стымулявала рост цікавасці да яго ў Еўропе і станаўленне С. як навукі. У канцы 19 ст.англ. вучоны Дж.Лег пераклаў усе кананічныя кнігі канфуцыянства і даасізму з каментарыямі. У 2-й пал. 19—пач. 20 ст. склаліся ням.-галандская, франц. і англ. школы С. Іх найб. выдатныя прадстаўнікі: немцы В.Грубе (кіт. звычаі, абрады) і О.Франке (гісторыя канфуцыянства, ідэалогія імператарскага Кітая), нідэрландзец Я.Я. дэ Гроат (рэлігія, гісторыя і культура Кітая, 6-томная праца «Рэлігіі Кітая»); французы Э.Шаван (канфуцыянства, даасізм, будызм), П.Пельё (кіт.-будысцкая традыцыя), А.Масперо (кіт. міфалогія); англічане Г.А.Джайлс (л-ра і філасофія) і А.Уэйлі (маст. культура). У 1930—50-я г. ўзнікла гіст. фаналогія кіт. мовы (Б.Карлгрэн, Швецыя), з’явіліся працы па кіт. простанар. вераваннях і абрадах (Э.Эбергард, Германія), філасофіі даасізму і канфуцыянства гісторыі Стараж. Кітая (Э.Грэм і Х.Х.Дабс, Вялікабрытанія), гісторыі кіт. грамадскай думкі (Э.Балаш, Францыя—Германія), філасофіі і міфалогіі (Д.Бодэ, ЗША). З сярэдзіны 20 ст. ў самаст.навук. дысцыпліны вылучыліся даалогія (вывучэнне даасізму; А.К.Зайдэль, Г.Крыл, Н.Сівін, К.М.Скіпер), сіна-будалогія (вывучэнне будызму; Э.Цюрхер, Р.Х.Робінсан, К.Чэнь), вывучэнне гісторыі і культуры Стараж. Кітая (Д.Н.Кітлі, М.Лёве, Дж.Мейджар, К.Чан), гісторыя літ.-тэарэт. і маст.-эстэт. думкі ў Кітаі (Дж.Лю, А.Райт, Ф.Такеі). Заснавальнік С. ў Расіі — В.П.Васільеў, арганізатар і першы кіраўнік кафедры кіт. мовы ў Пецярб. ун-це (1855). Яго паслядоўнік С.М.Георгіеўскі (1851—93) — спецыяліст у галіне міфалогіі і традыц. культуры Кітая. У сав. час пытанні С. распрацоўвалі В.М.Аляксееў, Ю.К.Шуцкі, А.А.Штукін, М.І.Конрад, Л.Дз.Пазднеева, В.Л.Фішман, у 1990-я г. — Л.С.Васільеў, Ю.Л.Кроль, У.В.Малявін. Л.С.Пераломаў, М.Я.Краўцова і інш. У Рэспубліцы Беларусь філалагічнай С. займаецца А.М.Гардзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫЯ (Bayern),
зямля (адм. адзінка) на ПдФРГ. Пл. 70,6 тыс.км². 11,9 млн.чал.(1994). Адм. ц. — г.Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.
Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л.вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр.прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.
Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл.Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.