КРАПІЎНІ́ЦКІ (Марка Лукіч) (22.5.1840, с. Крапіўніцкае Новаўкраінскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.4.1910),
украінскі драматург, акцёр, рэжысёр; адзін з заснавальнікаў укр. прафес. т-ра. Скончыў Бобрынецкае пав. вучылішча (1856). Выступаў як акцёр-аматар, з 1871 акцёр-прафесіянал, валодаў вялікім акцёрскім тэмпераментам, вобразнай выразнасцю. Арганізатар першай прафес. укр. тэатр. трупы (1882, разам з М.Старыцкім), якая выступала ў гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску (1890, 1892, 1893, 1899), Гомелі, Бабруйску (1894). Аўтар больш як 40 драм. твораў. Сярод іх: драмы «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю» (1863), «Памірыліся» (1869), «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць» (1882), «Алеся» (1891), вадэвілі «Пашыліся ў дурні» (1875) і «Па рэвізіі» (1882), у якіх адлюстраваў побыт, норавы парэформеннай укр. вёскі, беспрасветнасць правінцыяльнай рэчаіснасці. Пашырыў жанравыя межы ўкр. драматургіі, узбагаціў яе моўна-стылістычныя сродкі. Перапрацоўваў і інсцэніраваў творы Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Я.Грабінкі і інш. Пісаў песні, рамансы, вак. дуэты, музыку для спектакляў. Аўтар мемуараў. Творы К. мелі вял. папулярнасць на бел. сцэне ў пач. 20 ст. Яго п’есы «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» ставілі Першая бел. трупа І.Буйніцкага, у 1920-я г. бел. аматарскія гурткі і прафес. т-ры: Бел. муз.-драм. гурток у Вільні, Бел. драм. гурток у Пецярбургу, трупа У.Галубка, БДТ.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1958—60;
Драматичні твори. Київ, 1990;
Бел. пер. — Пашыліся ў дурні. СПб., 1910;
Па рэвізіі. СПб., 1911;
Рус. пер. — Пьесы. Л.;
М., 1960.
Літ.:
Киричок П.М. Марко Кропивницький. Київ, 1985;
Ахрыменка П.П. Летапіс братэрства. Мн., 1973.
В.А.Чабаненка.
т. 8, с. 452