БЕЛА́З,

марка кар’ерных аўтамабіляў-самазвалаў, спец. колавых трансп. сродкаў для металургічных прадпрыемстваў і аэрадромных цягачоў, якія выпускаюцца Беларускім аўтамабільным заводам. Самазвалы вырабляюцца з колавай формулай 4×2 (гл. Аўтамабіль) для розных клімат. і дарожных умоў, з гідрамех. ці электрамех. трансмісіямі, з рознымі мадэлямі рухавікоў і каробак перадач.

З 1995 вырабляюцца: кар’ерныя самазвалы БелАЗ-7540 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75405, -75407 грузападымальнасцю 30 т з рухавіком ЯМЗ-240ПМ2 магутнасцю 309 кВт (420 к.с.); БелАЗ-7548 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75485, -75489 (42 т) з рухавіком ЯМЗ-8401.10-02 (405 кВт, ці 550 к.с.); БелАЗ-7549 (80 т) з рухавіком 6ДМ-2ПБ (809 кВт, ці 1100 к.с.); БелАЗ7512 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75124, -75125, -75128 (120 т) з рухавіком 8ДМ-21АМ (956 кВт, ці 1300 к.с.); БелАЗ-75215 (180 т) з рухавіком 12ЧНІА-26/26 (1691 кВт, ці 2300 к.с.); БелАЗ-7530 (200—220 т) з рухавіком Дэтройт Дызель 16V-149ТІВ (1641 кВт, ці 2200 к.с.). З рухавіком ЯМЗ-8424.10-01 (312 кВт, ці 425 к.с.) выпускаюцца: аэрадромны цягач БелАЗ-74211 (4 х 4) для буксіроўкі самалёта масай да 210 т; шлакавоз БелАЗ-7920 (6 х 2) грузападымальнасцю 80 т для транспарціроўкі вадкага шлаку ў каўшах на металургічных прадпрыемствах; цяжкавозы БелАЗ-7921, -7924 (14 х 4; 140—150 т) для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў; франтальны пагрузчык БелАЗ-7820 (10 т).

А.С.Рукцяшэль.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)