ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),
музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), І.В.Псота («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Панцеляймон Сяргеевіч) (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ХЛІН (Натан Рыгоравіч) (10.1.1906, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.6.1979),
украінскі і рас. дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў муз.-драм.ін-т імя М.В.Лысенкі. Вучань А.І.Арлова. У 1931—37 маст. кіраўнік, гал. дырыжор сімф. аркестраў Харкава і Данецка (Украіна). У 1937—62 (з перапынкамі) гал. дырыжор дзярж.сімф. аркестра Украіны, у 1941—45 СССР, у 1966—79 Татарстана. Адначасова ў 1946—66 праф. Кіеўскай, у 1967—79 Казанскай кансерваторый. Дырыжорскае майстэрства, артыстызм, тэмперамент Р. найб. выявіліся пры выкананні твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, Г.Берліёза, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча. Першы выканаўца шматлікіх твораў сучасных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),
раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.А.Мантэйфель (1929).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГАРЫ́ТМ (Algorithmi — лац. транслітарацыя імя матэматыка аль-Харэзмі),
адно з асноўных паняццяў кібернетыкі; прадпісанне выканання сістэмы аперацый ці дзеянняў у зададзеным парадку для дасягнення выніку, які вызначаецца зыходнымі дадзенымі. Дазваляе праводзіць аперацыі з лікамі, літарамі, дужкамі і інш. сімваламі, атрымліваць рашэнні задач «у агульным выглядзе» (прыдатныя для цэлага класа аднатыпных задач). Напр., правілы арыфм. дзеянняў з рацыянальнымі лікамі, алгарытм знаходжання найб. агульнага дзельніка двух цэлых лікаў (А.Эўкліда), алгарытм перакладу з адной мовы на другую. Уласцівасці алгарытму вывучае алгарытмаў тэорыя.
У сярэдневяковай Еўропе алгарытмам наз. дзесятковую пазіцыйную сістэму злічэння і майстэрства лічэння ў ёй (лац. пераклад трактата аль-Харэзмі; 12 ст.). Развіццё электронна-выліч. тэхнікі дало магчымасць ствараць і рэалізоўваць складаныя алгарытмы ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭТРЫ́ ((Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст) (8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),
французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Ганс) (11.11.1848, г. Берген, в-аў Руген, Германія — 14.7.1929),
нямецкі ваен. гісторык і паліт. дзеяч. Праф. Берлінскага ун-та (1896—1921). Паслядоўнік Г. фон Трайчке. Вучыўся ў Гайдэльбергскім і Бонскім ун-тах. Чл. прускай палаты дэпутатаў (1882—85) і дэп. рэйхстага ад партыі свабодных кансерватараў (1884—90). У 1883—1919 рэдагаваў (да 1889 разам з Трайчке) орган кансерватараў Прусіі час. «Preußische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»), У 1-ю сусв. вайну выступаў за скасаванне сістэмы трохкласавага выбарчага права ў Прусіі на карысць дэмакр. канстытуцыйнай манархіі і інш.Гал. творы — «Гісторыя ваеннага майстэрства ў рамках палітычнай гісторыі» (т. 1—4, 1900—20; прадоўжана Э.Даніэльсам і О.Гайнцам, т. 5—7, 1926—36), «Сусветная гісторыя» (т. 1—5, 1923—28).
іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак.майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус.пер. 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧЭ́ЎСКІ (Юльян Юзафавіч) (снеж. 1806, в. Казяны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — студз. 1833),
бел. жывапісец. Скончыў ф-т маральных і паліт. навук Віленскага ун-та (1824), дзе адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма. У 1824—26 вывучаў права ў Пецярбургскім ун-це. У 1826—29 удасканальваў майстэрства жывапісу ў Францыі, потым у Англіі і Італіі. Створаныя ім жанравыя кампазіцыі вызначаюцца тэхн. дасканаласцю, вастрынёю характарыстык, дакладнай перадачай нац. тыпажу: «Руская хуткая пошта», «Яўрэйскае пахаванне», «Яўрэйскі фурман у літоўскай карчме» і інш. З 1829 у Рыме, дзе напісаў шэраг пейзажаў і жанравых сцэн. Карціны К. «Ян III пад Венай», «Турак на кані» і інш. ў 2-й пал. 19 ст. зберагаліся ў галерэі А.Храптовіча ў Шчорсах (Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР ДЖАЛА́Л (сапр.Пашаеў Мір Джалал Алі аглы; 26.4.1908, г. Ардэбіль, Іран — 28.9.1978),
азербайджанскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. нав. Азербайджана (1947). Д-рфілал.н. (1947). Скончыў пед.ін-т у Баку (1935). Друкаваўся з 1928. Аўтар гіст. і сац. раманаў пра падзеі грамадз., Вял.Айч. войнаў, пасляваен. адраджэнне азерб. вёскі: «Уваскрэслы чалавек» (1935), «Маніфест маладога чалавека» (1937—39); «Адкрытая кніга» (1944), «Новы горад» (1951) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Рост», 1935; «Раны Радзімы», 1943; «Слова пра чалавечнасць», 1961, і інш.). Працы па гісторыі развіцця азерб. л-ры, майстэрства пісьменнікаў Фізулі, Мамедкулізадэ, С.Вургуна і інш. На бел. мову асобныя творы М.Дж. пераклаў В.Рабкоў.