БІЯТЭХНІ́Я
(ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),
раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.А.Мантэйфель (1929).
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)