ГРЭТРЫ́

(Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст (8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),

французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)