ДАМІ́НГА (Domingo) Пласіда

(н. 21.1.1941, Мадрыд),

іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак. майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус. пер. 1989).

П.Дамінга ў ролі Калафа.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)