англійскі акцёр, рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Цэнтр. школе дэкламацыі і драм. мастацтва ў Оксфардзе (1924—25). На сцэне з 1922, у кіно з 1930. З 1926 выступаў у рэпертуарных т-рах Англіі, у т. л. ў «Олд Вік» (з 1937, у 1944—49 яго кіраўнік), у 1963—73 у Нац. т-ры (Лондан, дырэктар т-ра). Ставіў п’есы У.Шэкспіра, творы класічнай і сучаснай драматургіі. Адзін з лепшых выканаўцаў цэнтр. роляў у п’есах Шэкспіра «Гамлет», «Рычард III», «Генрых V» (усе і ў кіно, у апошнім — акцёр, рэжысёр і сцэнарыст), «Карыялан», «Кароль Лір», «Макбет», «Атэла» і інш. Сярод інш. работ у кіно: адмірал Нельсан («Лэдзі Гамільтан»), «Тры сястры» паводле А.Чэхава (рэжысёр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон) (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),
германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала 3/4тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.М.Чаркасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕР ((Keller) Готфрыд) (19.7.1819, г. Цюрых, Швейцарыя — 15.7.1890),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1840—42), у Гайдэльбергскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1846 як паэт (зб. «Вершы»). Вядомасць прынёс раман «выхавання» «Зялёны Генрых» (1855, 2-я рэд. 1879—80), напоўнены філас. роздумам пра лёс чалавека ў грамадстве, прызначэнне мастацтва. Аўтар рамана «Марцін Заландэр» (1886), зб-каў навел «Людзі з Зельдвілы» (т. 1—2, 1856—74), «Сем легенд» (1872), «Цюрыхскія навелы» (1878), «Выслоўе» (1881), літ.-крытычных эсэ, публіцыст. твораў. Маст. манеры К. ўласцівы мяккі гумар і сатыра, пластычнасць і яркасць вобразаў, павучальнасць і філасафічнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Новеллы. Л., 1970;
Зеленый Генрих. М., 1972;
Избранное. Л., 1988.
Літ.:
Павлова Н.С., Седельник В.Д. Швейцарские варианты: Лит. портреты. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Уладзімір Генадзевіч) (н. 3.2.1956, г. Чэлябінск, Расія),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1985, Свярдлоўск). З 1985 у Омскім муз. т-ры. З 1992 у Нац. т-ры оперы Беларусі, адначасова ў 1992—95 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону. Сярод партый на бел. сцэне: у т-ры муз. камедыі — Эдвін, Містэр Ікс, Тасіла («Сільва», «Прынцэса цырка», «Марыца» І.Кальмана), князь Арлоўскі («Лятучая мыш» І.Штрауса); у т-ры оперы — Ялецкі, Яўген Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Рангоні («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Радрыга, Жэрмон («Дон Карлас», «Травіята» Дж.Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), партыя барытона (сцэнічная кантата «Карміна Бурана» К.Орфа), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Шарплес («Мадам Батэрфляй» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),
адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Майкл Ск’юдамар (20.3.1908, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 21.3.1985), англійскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1931). З 1934 працаваў у т-рах Ліверпуля, Лондана, Стратфарда-он-Эйван. Сярод роляў: Тузенбах, Вайніцкі («Тры сястры», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Ракіцін («Месяц у вёсцы» І.Тургенева), Аляксей Турбін («Дні Турбіных» М.Булгакава), Гамлет, Шэйлак, Лір, Антоній («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра). Староннік сцэн. рэалізму, паслядоўнік сістэмы К.Станіслаўскага. Паставіў спектаклі «Лінія жыцця» Н.Армстранга (1942), «Генрых IV» Шэкспіра (1951), «Месяц у вёсцы» Тургенева (1956, 1965), оперы — «Вертэр» Ж.Маснэ (1966), «Багема» Дж.Пучыні (1967). У кіно з 1938. Зняўся ў фільмах: «Глыбокай ноччу» (1945), «Версія Браўнінга» (1951, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Адзінота бегуна на доўгую дыстанцыю» (1963), «Мікалай і Аляксандра» (1971) і інш. Рэжысёр фільма «Антоній і Клеапатра» (1957).