Ге́нрых

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Ге́нрых Ге́нрыхі
Р. Ге́нрыха Ге́нрыхаў
Д. Ге́нрыху Ге́нрыхам
В. Ге́нрыха Ге́нрыхаў
Т. Ге́нрыхам Ге́нрыхамі
М. Ге́нрыху Ге́нрыхах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

ле́пшаць, ‑ае; незак.

Станавіцца лепшым. І колькі ні перачытвай добрую кнігу, яна ўсё лепшае. Лужанін. На пярэдняй восьцы зламаўся шпянёк .. Генрых спрабаваў ужо накручваць нейкія ніткі, шнуркі, але справа ад гэтага не лепшала. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́бачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Памянш.-ласк. да бабка ​1.

2. Гальштук у выглядзе банта. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук-бабачка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падазро́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае падазрэнне, недавер’е. Надазронае здарэнне. Падазронае месца. Падазроны чалавек. □ Глухімі воўчымі сцежкамі адыходзіўся Гамыра з канём, туляючыся ў кустах пры кожным падазроным шуме. Колас. Генрых выказваў да мяне падазроную ўвагу і ветлівасць. Карпюк. // Які не выклікае даверу, не можа лічыцца прыстойным. Хіба не з-за [Івана] учора Змітрок трапіў у рэстаран з падазронымі асобамі? Ваданосаў. / у знач. наз. падазро́ны, ‑ага, м. Перад самым сваім адступленнем.. [фашысты] арыштавалі ўсіх падазроных. Кавалёў. // Які выклікае падазрэнне на якую‑н. хваробу. Падазроны кашаль.

2. Які падазрае, схільны падазраваць; недаверлівы. Апошні час [Антанюк] замыкаўся, рабіўся падазроны і недаверлівы. Шамякін. // Які выражае падазронасць. [Жанчына] акінула салдата падазроным позіркам. Дамашэвіч. Часта .. гаспадыня паднімала падазроныя вочы то на мужа, то на маладую настаўніцу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэкамендава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.

1. Станоўча характарызуючы каго‑, што‑н., прапанаваць выкарыстаць на службе, рабоце і пад. Рэкамендаваць настаўніка. Рэкамендаваць кнігу. □ [Кавалёў:] — Я выклікаў вас па важнай справе. Мне рэкамендавалі вас як добра пісьменнага чалавека. Чарнышэвіч. // Даць (даваць) каму‑н. пісьмовы станоўчы водзыў для ўступлення ў якую‑н. арганізацыю ці паступлення на працу. Камуністы, якія некалі рэкамендавалі .. [Карніцкага] у партыю, вучылі быць заўсёды ініцыятыўным і настойлівым, вучылі заўсёды глядзець наперад! Паслядовіч.

2. Параіць (раіць), прапанаваць зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. Рэкамендаваць заняцца спортам.

3. Назваць (называць) пры знаёмстве. Тым часам Генрых падаў руку, пачаў рэкамендаваць мяне студэнту. — Браніслаў! — неахвотна кінуў той, вітаючыся. Карпюк. [Ларыса:] — Хадзі сюды, Люба... Ты, можа, незнаёма з маім фурманам — рэкамендую. — А фурман скочыў з перадка, падбег і ўхапіў Любіны рукі. — Ігнась!.. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць, вызваліўшы ад заняткаў, абавязкаў (усіх, многіх). Корзун распусціў дзяцей на тыдзень, пакуль кончыцца разводдзе. С. Александровіч. // Дазволіць, даць магчымасць разысціся, разбегчыся. Праз хвіліну Генрых Візэнер распусціў строй і з трыма салдатамі накіраваўся ў хату. Шамякін. // Расфарміраваць, ліквідаваць (установу, прадпрыемства, арганізацыю і пад.). Калі пачалі галасаваць прапанову Алеся: хто за тое, каб культурна-асветніцкі гурток распусціць і ўсю працу весці ў ячэйцы, — у класе ўзняўся зноў дружны гоман. Галавач. — Таварыш камандзір, Іван Іванавіч распусціў сваю брыгаду. Шчарбатаў.

2. Развязаць, паслабіць (што‑н. завязанае, сцягнутае). Павел з выглядам пераможцы паставіў на траву паўнюсенькі рэчавы мяшок і паволі распусціў зашмаргу. С. Александровіч. У адказ .. [Алесь] распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок. Караткевіч. // Развязаць, зняўшы завязку. — Ідзі, Люба, у пуню, прынясі пару кулёў, распусці на падлозе людзям спаць. Чорны. // Расплесці (касу). — Як распусціць [пані], бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Колас. // Раскідаць што‑н. вязанае, спусціўшы з петляў. Тады Аграфена Карабанава распусціла па нітцы свой світар. Лупсякоў. // Зрабіць шырэйшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу. Корбан.

3. Разгарнуць што‑н. згорнутае, складзенае. Іра адразу ж дастала парасон і распусціла яго, як грыб, над галавой. Сабаленка. // Расправіць, раскласці ў якой‑н. прасторы, на якім‑н. месцы. [Сувязная] была апранута па-сялянску, вялікую цёплую хустку павязала на патыліцы, а махры распусціла на плячах і на грудзях. Новікаў. Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганам], Сухазелле ў грудзі ўпілося. Купала. // Выставіць наверх, выпусціць (кіпцюры). [Кот] грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці... Бядуля. // Раскрыць, разгарнуць (пра пупышкі, лісце і пад.). [Яблыня] распусціла маленькія лісточкі. М. Ткачоў.

4. Разм. Дапусціць да свавольства, зрабіць недысцыплінаваным, знізіўшы патрабавальнасць, аслабіўшы нагляд. Распусціць дзяцей. Распусціць работнікаў. □ — Вы, дзядзька Ліпскі, трымаеце сваю дачку ў добрай строгасці. — А як жа, распусці іх, — прагаварыў Ліпскі. Лупсякоў. — Разгільдзяй той распусціў роту! — Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты. Быкаў.

5. Зрабіць вадкім або напаўвадкім, растапіць. Распусціць масла. // безас. Размачыць, зрабіць гразкім. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла. Мележ. Але стэп распусціла, верхні, чарназёмны пласт увесь час сплываў у нізіну, і цяжка было паверыць, каб слупы ўтрымалі напор ветру. Лупсякоў.

6. Разм. Прымусіць разысціся ў якой‑н. вадкасці. Распусціць фарбу ў вадзе. // Распаўсюдзіць вакол сябе. Кнігі сапраўды распусцілі па хаце нейкі свой пах, як і ўсякая рэч, якую даўно не чапалі. Ермаловіч.

7. Расказаць многім (чуткі, плёткі). Гардыенка распусціў чуткі, што Тарас Ігнатавіч сам не ведае матэматыкі. Чарнышэвіч.

8. Распілаваць удоўж. Мусіць, не ўтрымаўся які грамычакін — цішком зрэзаў адно-другое дрэва, а пасля распусціў на шалёўку. Даніленка.

•••

Распусціць вушы — тое, што і развесіць вушы (гл. развесіць).

Распусціць нервы — даць волю пачуццям, настрою. «Старэеш, Андрэй Бабейка, — папракнуў ён сябе, адвязваючы стаенніка і ўсаджваючыся ў брычку. — Старэеш, і нервы распусціў, і язык». Хадкевіч.

Распусціць нюні — расплакацца, разжаліцца. — А гэта чаго сырасць разводзіць? — Віцька кіўнуў галавой на дзяўчыну. — Майстар пасватаўся, вось і распусціла нюні. Асіпенка. — Ты не калека. Толькі абмяк, нюні распусціў. Машара.

Распусціць язык — нагаварыць многа лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)