ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.​М.​Івахненка.

Да арт. Глеба. Глебы: 1 — дзярнова-карбанатная; 2 — дзярнова-падзолістая; 3 — дзярнова-падзолістая (глеяватая); 4 — дзярновая забалочаная (глеяватая); 5 — поймавая; 6 — тарфяна-балотная.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЁК у гідралогіі,

працэс сцякання дажджавых і расталых вод у вадаёмы і паніжэнні рэльефу на зямной паверхні і ў тоўшчы зямной кары; частка кругавароту вады ў прыродзе. Адрозніваюць С. паверхневы (схілавы, рэчышчавы) і падземны (з грунтавых вод, глебавых вод і напорных вод; гл. Падземныя воды). Большасць вады падземнага С. пераходзіць у паверхневы (рэчышчавы), калі ваданосны гарызонт ускрываецца ракой ці выходзіць у крыніцах. У асобных выпадках у перыяд веснавога разводдзя, ва ўмовах карсту ці пры ўзроўні падземных вод ніжэй за ўзровень вады ў рацэ ч. паверхневага С. пераходзіць у падземны. Велічыня і рэжым С. залежаць ад воднага балансу вадазбору (ападкаў, выпарэння), характару рэльефу і геал. будовы, глебавага і расл. покрыва. С. уплывае на фарміраванне рэльефу, геахім. працэсы ў зямной кары, развіццё глебавага покрыва, размеркаванне расліннасці і інш.; вызначае эрозію, прыродны дрэнаж і арашэнне, перанос і адкладанне прадуктаў дэнудацыі. У працэсе С. вада насычаецца рознымі біягеннымі рэчывамі, адбываецца С. наносаў, раствораных і біягенных рэчываў, якія вызначаюць якасць вады.

Характэрная асаблівасць С. — яго зменлівасць у прасторы і часе. Ва ўнутрыгадавым ходзе С. вылучаюць разводдзе, паводкі, межань (летнюю і зімовую). Адносна раўнамерны на працягу года С. наз. зарэгуляваным. Пры ацэнцы водных рэсурсаў пэўнай тэрыторыі вылучаюць мясц. С., які фарміруецца ў межах аднароднага фіз.-геагр. раёна, і транзітны, які паступае ў раён з інш. тэрыторый. Велічыню С. характарызуюць аб’ёмам вады за адзінку часу (м³/с, км³/год), таўшчынёй слоя вады, раўнамерна размеркаванага па плошчы (мм), модулем сцёку (л/с км²), каэфіцыентам (у долях адзінкі). Вынікі даследавання фарміравання С. і яго характарыстык выкарыстоўваюцца пры гідралагічных разліках і складанні гідралагічных прагнозаў. С. падлічваецца на аснове назіранняў гідралагічных пастоў. Сумарны гадавы С. рэк Зямлі ў акіян складае 4210 км³. На Беларусі сярэдняя велічыня рачнога С. 57,9 км³/год, у т. л. ў межах рэспублікі (мясц. С.) 34 км³/год.

т. 15, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧА́СНАЯ Нінэль Іванаўна (н. 25.10.1933, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1955), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (1961). Працуе ў станковым жывапісе, кніжнай і станковай графіцы, манум.-дэкар. мастацтве. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Вясёлка», «Пад сонейкам» (абедзве 1966), «Пяць пакаленняў (Лазня)» (1967), «Самотная» (1968), «Васількі» (1972), «Налібоцкая пушча» (1975), «Пасля змены», «Лада слухае» (абедзве 1978), «Спрадвечнае» (1980), «Маё нараджэнне» (1981), «Толькі яго нявеста» (1984), «Белыя крылы», «Гуканне вясны ў Заслаўі» (абедзве 1987), «Мая сям’я» (1997), «Сястра Людміла і яе Міхайлавы» (1999); партрэтаў «Мая бабуля Ліда» (1956), І.​Мележа, «Аўтапартрэт» (абодва 1970), У.​Дубоўкі (1973), І.​Шамякіна, Цёткі (А.​Пашкевіч; абодва 1976), А.​Макаёнка, М.​Матукоўскага (абодва 1979), М.​Танка, А.​Куляшова («Ля вогнішча»; абодва 1980), У.​Саўчанкі, Р.​Шырмы, П.​Клімука (усе 1981), Я.​Купалы, М.​Багдановіча (абодва 1982), М.​Ладзіса («Вярнуўся», 1985), С.​Красікава, І.​Антонава (абодва 1987), «Думаючы пра Чэхава» (1988), Р.​Суруса (1996), «Ефрасіння Полацкая» (1997), «Промні натхнення А.​Пушкіна» (1999), Ф.​Скарыны, «І.​Фёдараў і П.​Мсціславец», А.​Романа, «Пясочны гадзіннік» (аўтапартрэт; усе 2000), А.​Анікейчыка (2001), С.​Акружной (2003) і інш.; пейзажаў, нацюрмортаў, шэрагу графічных твораў. Аформіла кнігі «Калінавая рукавічка» А.​Васілевіч (1963), «Матрошкіны казкі» І.​Бурсава (1968), «Рыжая палянка» Д.​Бічэль-Загнетавай (1971), «Крылы» М.​Хведаровіча (1973), «Заручыны» П.​Макаля (1979), «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй» А.​Лойкі (1984). Выканала размалёўкі на фасадзе НДІ буд. матэрыялаў (1966), у рэстаране пры гасцініцы «Свіслач» (1978), вітражы ў ВА «Гарызонт» (1982) у Мінску. Творчасці ўласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, экспрэсіўная тэхніка, арыгінальнасць колеравых вырашэнняў.

Тв.:

Искры моей жизни. Мн., 2001.

Л.​Ф.​Салавей.

Н.Шчасная. Мая сям’я. 1997.

т. 17, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае ўзаемадзеянне зараджаных часціц (электронаў, іонаў і інш.) з эл.-магн. палямі і рэчывам і на яго аснове распрацоўвае метады, прылады і сістэмы перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, тэхнал. працэсы, шматфункцыянальныя комплексы і інш. Сфарміравалася на мяжы 19 і 20 ст. на аснове навук. даследаванняў Дж.К.Максвела (стварэнне асноў электрадынамікі). У.​Сміта (тэорыя фотаправоднасці), К.​Ф.​Браўна (праводнасць сістэмы метал—паўправаднік), О.У.Рычардсана (тэрмаэлектронная эмісія), В.К.Рэнтгена (рэнтгенаўскія прамяні), Дж.​Дж.Томсана (адкрыццё электрона), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя).

Аб’ядноўвае вакуумную, цвердацельную і квантавую электроніку. Вакуумная Э. даследуе: тэрмаэлектронную эмісію, фотаэлектронную эмісію і тунэльную эмісію; фарміраванне і кіраванне патокамі зараджаных часціц і эл.-магн. палямі; катодалюмінесцэнцыю; фізіку і тэхніку высокага вакууму; тэхналогію электроннай, іоннай і лазернай апрацоўкі паверхні і інш. Асн. кірункі развіцця вакуумнай Э. — стварэнне электравакуумных прылад, прылад на аснове дыфракцыйных з’яў, фотаэлектронных і электронна-прамянёвых трубак, газаразрадных прылад і інш. Асн. кірунак цвердацельнай Э. — паўправадніковая Э., якая распрацоўвае і вырабляе розныя віды паўправадніковых прылад (гл. Мікраэлектроніка). Важныя яе раздзелы — акустаэлектроніка, оптаэлектроніка, крыяэлектроніка, ядзерная электроніка, п’езаэлектроніка, магнітаэлектроніка і інш. Найб. важныя кірункі квантавай электронікі — стварэнне квантавых генератараў, квантавых узмацняльнікаў (гл. Лазерная фізіка). Развіццё ўсіх галін Э. ідзе па шляху асваення новых абласцей спектра эл.-магн. ваганняў, павышэння магутнасці генерыруемага выпрамянення, паляпшэння параметраў электронных прылад: узроўню ўласных шумаў, эканамічнасці, хуткадзеяння, надзейнасці і інш. Якасць электроннай апаратуры і ўзровень яе тэхніка-эканам. паказчыкаў залежаць ад удасканалення элементнай базы электроннай тэхнікі.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Э. праводзяцца з 1950-х г. у БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН, а таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Ін-це электронікі Нац. АН, у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.; створана высокаразвітая электронная прамысловасць (НВА «Інтэграл», канцэрн «Планар», ВА «Гарызонт» і інш.).

Л.​І.​Гурскі.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНА-ХІМІЧНАЯ СЫРАВІНА.

Па прамысл. запасах калійных солей (каля 10 млрд. т) Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце. Радовішчы калійных солей стратыграфічна звязаны з фаменскай (верхні дэвон) саляноснай фармацыяй. Разведаны 3 асн. радовішчы: Старобінскае, Петрыкаўскае і Акцябрскае. На Старобінскім радовішчы развіты 4 гарызонты, з якіх 2-і і 3-і распрацоўваюць 4 рудаўпраўленні РУП ВА «Беларуськалій». Калійныя солі там сільвінітавыя чырвонакаляровыя, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя. У рудзе да 28% KCl, 5—9,5% нерастваральнага ў вадзе астатку, 0,15—0,3% MgCl2. Запасы калійных солей на 4 шахтавых палях па катэгорыях A + B + C1 2,6 млрд. т і па катэгорыі C2 600 млн. т. У 2002—03 пачата доследна-прамысл. распрацоўка гліністых сільвінітаў 1-га гарызонту і будаўніцтва новага Чырвонаслабодскага рудніка. На Петрыкаўскім радовішчы прамысл. 4-ы гарызонт, глыб. яго залягання 515—1200 м; калійныя солі (сільвініты) бледна-ружовыя і стракатакаляровыя з украпваннямі карналіту. Колькасць KCl дасягае 40%. Руды характарызуюцца адносна высокімі канцэнтрацыямі MgCl2 (1,5—4%) і нізкімі нерастваральнымі астаткамі (0,5—1,5%). Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 2,12 млрд. т. Акцябрскае радовішча папярэдне разведана ў 1993—97. Прамысл. калійныя гарызонты 0-8 і 0-9 складзены з чырвонакаляровых сільвінітаў, якія маюць KCl да 39%, MgCl2 0,12%, нерастваральны астатак 5% і больш. Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 637 млн. т, калійна-магніевых (карналіт) па катэгорыі C2 1,1 млрд. т.

У Прыпяцкім прагіне выяўлены шэраг рудных участкаў: Нежынскі — 5-е шахтавае поле з запасамі калійных солей па катэгорыі C1 1,86 млрд. т і C2 200 млн. т; Смолаўскі — 6-е шахтавае поле з запасамі па катэгорыі C1 900 млн. т і C2 900 млн. т; Капаткевіцкі, Жыткавіцкі, Драздоўскі і інш.

Каменная соль у Прыпяцкім прагіне выяўлена ў 2 саляносных фармацыях: ніжняй (верхнефранскай) і верхняй (сярэдне-верхнефаменскай). Магутнасць ніжняй фармацыі да 1,6 км, верхняй — да 3,5 км і больш, якія пашыраны на пл. больш за 26 тыс. км². Геал. запасы каменнай солі практычна невычарпальныя. Разведаны Давыдаўскае, Старобінскае і Мазырскае радовішчы з агульнымі запасамі больш за 22 млрд. т. Давыдаўскае радовішча (Светлагорскі р-н) мае магутнасць пластоў каменнай солі 2—70 м, з сярэдняй колькасцю NaCl 78,3—99,3%; прамысл. запасы больш за 20 млрд. т (зараз не выкарыстоўваюцца). На Старобінскім радовішчы выяўлена 6 пластоў каменнай солі магутнасцю 4,1—28,2 м і колькасцю NaCl больш за 98%, якія залягаюць на глыб. 361,5—844 м. Прамысл. запасы больш за 750 млн. т. З 1993 на 1-м шахтавым полі распрацоўваецца пласт каменнай солі ў падтоўшчы, ніжэйшай за 2-і калійны гарызонт, дзе штогод здабываецца 350—550 тыс. т (кухонная, кармавая, тэхнічная). Прамысл. запасы Мазырскага радовішча каля 600 млн. т NaCl. На яго базе працуе (з 1982) Мазырскі солевыварны камбінат па тэхналогіі, засн. на падземным растварэнні солі праз свідравіны і яе выпарванні з ачышчанага расолу. Штогадовая вытв-сць кухоннай солі «Палессе» да 360 тыс. т. У Прыпяцкім прагіне ёсць шэраг высокаперспектыўных участкаў (Шастовіцкі, Скрыгалаўскі, Паўд.-Капаткевіцкі, Акцябрскі, Амелькаўшчынскі і інш.) з прагнознымі рэсурсамі 1—6 млрд. т каменнай солі на кожным з іх.

У Беларусі вядомы 2 фасфарытаносныя басейны: Сожскі і Прыпяцкі. Сожскі басейн займае паўд.-ўсх. схіл Аршанскай упадзіны і распасціраецца паза межы рэспублікі ў Смаленскую вобл. Расіі. Фасфарытавыя руды стратыграфічна прымеркаваны да сенаманскага яруса верхняга мелу. Прадукцыйныя кварцава-глаўканітавыя пяскі, у іх ёсць жаўлакі фасфарытаў, пясчана-жаўлаковы матэрыял і зрэдку суцэльная фасфарытавая пліта. Папярэдне разведаны Мсціслаўскае (Мсціслаўскі р-н) і Лабковіцкае (Крычаўскі р-н) радовішчы фасфарытаў. Іх агульныя запасы па катэгорыях C1 + C2 больш за 400 млн. т. Глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Мсціслаўскім радовішчы 5,3—46,3 м, магутнасць у асноўным 1,1—1,8 м; на Лабковіцкім радовішчы адпаведна 20,5—40,8 м і 0,10—3 м. Колькасць P2O5 — 0,9—18,2% па свідравінах і 6—7,6% у падліковых блоках. Здабыча фасфарытавых руд магчыма кар’ерным, шахтавым спосабамі і метадам гідраздабычы праз свідравіны. Руды абодвух радовішчаў прыдатныя для вытв-сці фасфарытнай мукі. Прыпяцкі басейн размешчаны ў межах паўд. схілу Падляска-Брэсцкай упадзіны. Прадукцыйныя глініста-алеўрытавыя палеагенавыя адклады. У 1986—91 выяўлены Арэхаўскае (Драгічынскі р-н) і Прыгранічнае (Маларыцкі р-н) радовішчы. Прадукцыйныя пясчана-жаўлаковыя адклады змяшчаюць каля 39% фасфарытавых жаўлакоў. Запасы руды па катэгорыі C2 больш за 95 млн. т. Сярэдняя глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Арэхаўскім радовішчы 31,7 м. Магутнасць пластоў на абодвух радовішчах 1,58—1,8 м. У рудзе 4,4—9,9% P2O5 на Арэхаўскім, каля 6,43% на Прыгранічным радовішчах.

Э.​А.​Высоцкі.

Геалагічнае агаленне водна-ледавіковых адкладаў на беразе р. Нарач каля в. Папоўцы Вілейскага раёна.
Горная вырабатка (штрэк) на Старобінскім радовішчы калійных солей.
Старобінскае радовішча калійных солей. Вываз руды з горнай вырабаткі.
Кар’ер «Высокае» па здабычы мелу і мергелю для Беларускага цэментнага завода ў г. Касцюковічы

т. 18, кн. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАМАДУ́РАЎ Яўген Рыгоравіч (н. 28.1.1914, г. Шуміха Курганскай вобл., Расія),

бел. мастак тэатра. Засл. дз. маст. Таджыкістана (1945), Літвы (1954), Расіі (1958). Нар. мастак Беларусі (1963). Акад. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1994). Скончыў Ленінградскую АМ (1938). З 1938 працаваў у т-рах Масквы, Душанбе, Чэлябінска, Кіева і інш. У 1959—76 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1960—91 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Творчай манеры ўласцівы відовішчнасць, маштабнасць, эпічная і манумент. выразнасць вобразаў, што дасягаецца спалучэннем графічнай лаканічнасці малюнка з дэкаратыўнасцю колеру, выкарыстанне лепшых традыцый рус. сцэнаграфіі. Глыбокае разуменне прыроды тэатра, рэжысёрскай канцэпцыі спектакля вызначаюць высокі маст. ўзровень сцэнаграфіі да пастановак т-ра оперы і балета: опер «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) Ю.​Семянякі, «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1960, 1972), «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева (1962), «Арэстэя» С.​Танеева (1963), «Яснае світанне» А.​Туранкова (1964), «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Алеся» Я Цікоцкага, «Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава (усе 1967), «Андрэй Касценя» М.​Аладава (1970), «Хаваншчына» (1970), «Барыс Гадуноў» (1974) М.​Мусаргскага, «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1971), «Сельскі гонар» П.​Масканьі (1973); балетаў «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969) Я.​Глебава, «Папялушка» (1965), «Рамэо і Джульета» (1968) Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1967), «Святло і цені» Г.​Вагнера (1963), «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга, «Жызэль» А.​Адана (абодва 1966), «Раймонда» А.​Глазунова (1972) і інш. У Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі аформіў аперэты «Сільва» І.​Кальмана (1971), «Чацвёрты пазванок» М.​Ларні (1973). Аўтар сцэнаграфіі спектакляў «Манон» Ж.​Маснэ (1951), «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага (1952) Вял. т-ра ў Маскве, «Аіда» Дж.​Вердзі (1955) т-ра оперы і балета Румыніі (Бухарэст), «Сказ пра каменную кветку» Пракоф’ева (1967) Фін. нац. оперы (Хельсінкі), «Барыс Гадуноў» (1975), «Залаты пеўнік» (1979) т-ра «Калон» (Буэнас-Айрэс). Афармляў цыркавыя і эстр. праграмы, масавыя відовішчы. Зняўся ў кінафільмах «Ідучыя за гарызонт», «Рудабельская рэспубліка». Дзярж. прэмія СССР 1949. Іл. гл. таксама да арт. Касцюм тэатральны, Сцэнаграфія.

Літ.:

Карнач П.А. Евгений Чемодуров. Мн., 1984.

І.​Л.​Чэбан.

Я.Р.Чамадураў.
Я.Чамадураў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага.
Я.Чамадураў. Эскіз касцюма воіна да оперы «Арэстэя» С.​Танеева.

т. 17, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.

Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.​Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш. Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.​Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.​Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.​Саканян).

На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.​Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел. навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.​Сарахатунаў, В.​Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.​Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.​Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.​Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.​Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.​Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.​Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.​Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.​Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.​Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.​Пятроўскі) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ФАНТАСТЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.​Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.​Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.​Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.​Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.​Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.​Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.​Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.​Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.​Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж. Б.​Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.​Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.​Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.​Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.​Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.​Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.​Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.​Уайз, І.​Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.​Казанскі, У.​Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.​Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж. Б.​Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.​Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.​Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.​Менакер), «Кін-дза-дза» (1986, рэж. Г.​Данелія) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),

арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.

На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.​Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.​Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.​Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.​Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.​Ткачоў, В.​Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус. драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.​Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітражы ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.​Ціханаў, В.​Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.​Барабанцаў. 1984.
Вітраж Міланскага сабора.
Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБЫ

Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.

Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.

Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.

Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.

Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.

Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.

Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.

Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.

Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.

Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.

Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.

Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.

Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.

Літ.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;

Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;

Туренков Н.И. Палево-подзолистые почвы Белоруссии. Мн., 1980;

Смеян Н.И. Почвы и структура посевных площадей. Мн., 1990;

Петровский Е.И., Горбылева А.И., Калько Б.А. Почвы Республики Беларусь. Горки, 1998;

Земля Беларуси: Справ. пособие. Мн., 2002;

Номенклатурный список почв Беларуси. Мн., 2003.

В.​Б.​Вараб’ёў, Г.​І.​Гарбылёва.

т. 18, кн. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)