ЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае ўзаемадзеянне зараджаных часціц (электронаў, іонаў і інш.) з эл.-магн. палямі і рэчывам і на яго аснове распрацоўвае метады, прылады і сістэмы перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, тэхнал. працэсы, шматфункцыянальныя комплексы і інш. Сфарміравалася на мяжы 19 і 20 ст. на аснове навук. даследаванняў Дж.К.Максвела (стварэнне асноў электрадынамікі). У.Сміта (тэорыя фотаправоднасці), К.Ф.Браўна (праводнасць сістэмы метал—паўправаднік), О.У.Рычардсана (тэрмаэлектронная эмісія), В.К.Рэнтгена (рэнтгенаўскія прамяні), Дж.Дж.Томсана (адкрыццё электрона), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя).
Аб’ядноўвае вакуумную, цвердацельную і квантавую электроніку. Вакуумная Э. даследуе: тэрмаэлектронную эмісію, фотаэлектронную эмісію і тунэльную эмісію; фарміраванне і кіраванне патокамі зараджаных часціц і эл.-магн. палямі; катодалюмінесцэнцыю; фізіку і тэхніку высокага вакууму; тэхналогію электроннай, іоннай і лазернай апрацоўкі паверхні і інш. Асн. кірункі развіцця вакуумнай Э. — стварэнне электравакуумных прылад, прылад на аснове дыфракцыйных з’яў, фотаэлектронных і электронна-прамянёвых трубак, газаразрадных прылад і інш. Асн. кірунак цвердацельнай Э. — паўправадніковая Э., якая распрацоўвае і вырабляе розныя віды паўправадніковых прылад (гл. Мікраэлектроніка). Важныя яе раздзелы — акустаэлектроніка, оптаэлектроніка, крыяэлектроніка, ядзерная электроніка, п’езаэлектроніка, магнітаэлектроніка і інш. Найб. важныя кірункі квантавай электронікі — стварэнне квантавых генератараў, квантавых узмацняльнікаў (гл. Лазерная фізіка). Развіццё ўсіх галін Э. ідзе па шляху асваення новых абласцей спектра эл.-магн. ваганняў, павышэння магутнасці генерыруемага выпрамянення, паляпшэння параметраў электронных прылад: узроўню ўласных шумаў, эканамічнасці, хуткадзеяння, надзейнасці і інш. Якасць электроннай апаратуры і ўзровень яе тэхніка-эканам. паказчыкаў залежаць ад удасканалення элементнай базы электроннай тэхнікі.
На Беларусі сістэм. даследаванні па Э. праводзяцца з 1950-х г. у БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН, а таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Ін-це электронікі Нац. АН, у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.; створана высокаразвітая электронная прамысловасць (НВА «Інтэграл», канцэрн «Планар», ВА «Гарызонт» і інш.).
Л.І.Гурскі.
т. 18, кн. 1, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)