НАСРЭТДЗІ́НАВА Зайтуна Агзамаўна (н. 14.8.1923, г. Уфа, Башкортастан),

башкірская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1955). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1941). З 1941 салістка Башк. т-ра оперы і балета (Уфа). Для яе выканання характэрны высокая тэхніка, пластычнасць. Выконвала лірычныя і драм. партыі: Зайтунгуль («Жураўліная песня» Л.​Сцяпанава і З.​Ісмагілава), Зарыфа («Горная быль» А.​Ключарова), Зюгра («Зюгра» Н.​Жыганава), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Цар-дзяўчына, Эсмеральда («Канёк-Гарбунок», «Эсмеральда» Ц.​Пуні), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Зарэма, Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра) і інш. Знялася ў фільме-балеце «Жураўліная песня» (1960).

Літ.:

Хайруллин Р. Зайтуна Насретдинова // Хайруллин Р. Мастера балетного искусства Башкирии. Уфа, 1963.

З.А.Насрэтдзінава. Мастак Р.​Н.​Нурмухаметаў. 1955.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЕВА Нона Сяргееўна (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ).

Б.​С.​Смольскі.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКАЯ Ядвіга Канстанцінаўна (н. 1.5.1949, в. Далідавічы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар, эстр. спявачка і выканальніца на клавішных інструментах. Дачка К.І.Паплаўскага. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю па класах фп. (1972) і кампазіцыі (1988). З 1971 артыстка вак.-інстр. ансамбля «Верасы», з 1987 салістка-вакалістка Дзярж. канцэртнага аркестра Беларусі. Стваральнік і кіраўнік (разам з мужам А.Ціхановічам) першага на Беларусі Тэатра песні (1988) і творчай студыі пры ім. Выступае (з Ціхановічам) у складзе эстр. вак. дуэта, адметнага артыстычнай абаяльнасцю, шчырасцю, яркай манерай выканання. Аўтар кантаты «Сын зямлі», сімф. паэмы, цыкла прэлюдый, санаты, дзіцячых п’ес для фп., хароў, рамансаў, эстр. песень, шматлікіх апрацовак і аранжыровак бел. песеннага фальклору і інш.

Літ.:

Загородний Г. От «Верасов» — к Театру песни // Бел. думка. 1997. № 6.

Г.​М.​Загародні.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАДЗЕ́ЕВА Кацярына Юр’еўна (н. 24.8.1968, г. Цюмень, Расія),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1986). З 1986 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Валодае неардынарнымі сцэн. данымі — выразная пластыка, шчырасць, лірычнасць, жаноцкасць. Сярод партый: Рагнеда («Страсці» А.​Мдывані), лэдзі Макбет («Макбет» В.​Кузняцова), Адэта—Адылія, Аўрора і фея Бэзу, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Нікія, Кітры і Мерседэс («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Мірта, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Дзяўчына («Балеро» на муз. М.​Равеля), Блудніца («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа). Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета імя С.​Дзягілева (Масква, 1992).

Літ.:

Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 86—88.

Л.​І.​Вішнеўская.

К.Ю.Фадзеева.
К.Фадзеева ў ролі феі Бэзу.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛПАКО́ВА Ірына Аляксандраўна (н. 22.5.1933, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1951, педагог А.Ваганава), Ленінградскую кансерваторыю (1982). З 1951 салістка, з 1971 педагог-рэпетытар Марыінскага т-ра, з 1989 — «Амерыканскага тэатра балета» (Нью-Йорк). Выканальніца гал. партый у балетах рус. і замежнай класікі і сучасных аўтараў (многія ўпершыню ў СССР). Вяршынь балетнага акадэмізму дасягнула ў партыях Аўроры («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонды («Раймонда» А.​Глазунова), Жызэлі («Жызэль» А.​Адана). Здымалася ў тэлеэкранізацыях балетаў, тэлефільмах-канцэртах і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіла балеты «Жызэль» (1987), «Спячая прыгажуня» (1990). Дзярж. прэмія СССР 1980. «Залатая зорка» Міжнар. фестывалю танца ў Парыжы (1965), прэмія імя Г.​Паўлавай (Парыж, 1982).

Літ.:

Ильичева М.А. И.​Колпакова. 2 изд. Л., 1986.

І.Калпакова ў ролі Матылька.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА Ніна Міхайлаўна (н. 9.8.1947, хутар Красненскі Сямікаракорскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1966). У 1966—88 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконвала гал. партыі пераважна лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначалася ўпэўненай тэхнікай танца, закончанасцю поз, адточанасцю вярчэнняў, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Наталька («Курган» Я.​Глебава), Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова). З 1992 жыве за мяжой.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 112—116.

А.​І.​Калядэнка.

Н.М.Паўлава.
Н.Паўлава ў ролі Кітры.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧО́ВА Ала Барысаўна (н. 15.4.1949, Масква),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. Расіі (1985). Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Муз. вучылішча імя М.​Іпалітава-Іванава ў Маскве (1969), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1981). З 1970 артыстка Ліпецкай філармоніі, салістка эстр. арк. пад кіраўніцтвам А.​Лундстрэма, вакальна-інстр. ансамбля «Вясёлыя рабяты», Расканцэрта. З 1988 маст. кіраўнік т-ра-студыі «Тэатр песні». У рэпертуары песні рас. і замежных кампазітараў, шмат з якіх выканала ўпершыню, уласныя песні. Яе выкананне вылучаецца драматург. пабудаванасцю, рэжысёрскай прадуманасцю кампазіцый. «Гран-пры» на Міжнар. фестывалях эстраднай песні «Залаты Арфей» (1975, Балгарыя) і «Бурштынавы салавей» у Сопаце (1978, Польшча). Здымалася ў кіно («Жанчына, якая спявае», «Прыйшла і гавару» і інш.). Яе творчасці прысвечаны тэлефільмы «Тэатр Алы Пугачовай» (1978), «У Алы» (1979), «Маналогі спявачкі» (1981) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1995.

А.Б.Пугачова.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЛЬЕВА Ірына Мікалаеўна (н. 3.10.1931, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Таджыкістана (1957). Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1951). З 1951 працавала ў Туркменскім, Чэлябінскім, Куйбышаўскім т-рах оперы і балета. У 1959—72 адна з вядучых танцоўшчыц Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1962 (з перапынкамі) педагог Бел. харэагр. вучылішча (у 1971—77 маст. кіраўнік). Яе мастацтва вызначалі светлы, аптымістычны настрой, сталая тэхніка, артыстызм. Сярод партый: Марыя («Мара» Я.​Глебава), Анежка («Святло і цені» Г.​Вагнера), Адэта — Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Царэўна («Казка пра мёртвую царэўну» У.​Дзешавова на тэмы А.​Лядава), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана). Сярод вучаніц Л.Бржазоўская, Н.Паўлава.

Ю.​М.​Чурко.

І.М.Савельева.
І.Савельева ў ролі Джульеты.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЕТАВЕ́Ц Таццяна Рамуальдаўна (н. 1.1.1960, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979, клас І.Савельевай). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца шматграннай адоранасці, аднолькава свабодна валодае тэхнікай класічнага і сучаснага танца, выконвае партыі характарнага плана. Сярод партый у нац. рэпертуары: Нявеста («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Ганна Багранародная («Страсці» А.​Мдывані), Дзяўчына («Кругаверць» А.​Залётнева). З інш. рэпертуару: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Блудніца («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» на муз. М.​Равеля), Мерседэс і сола («Дон Кіхот» і «Пахіта» Л.​Мінкуса), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Мірта («Жызэль» А.​Адана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), сеньёра Капулеці («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), танцы ў операх.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРШО́ВА Таццяна Міхайлаўна (н. 13.11.1952, Рыга),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыла Рыжскае харэагр. вучылішча (1971) і працавала ў т-ры оперы і балета Латвіі. З 1976 салістка, з 1998 педагог-рэпетытар Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца класічнага плана; ёй уласцівы эмац. выразнасць, тонкі густ, адчуванне стылю. Сярод партый: Адэта — Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Ліза («Ліза і Кален» Ф.​Герольда), Распусніца («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева) і інш. Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974) і Маскве (1977).

т. 18, кн. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)