НАСРЭТДЗІ́НАВА (Зайтуна Агзамаўна) (н. 14.8.1923, г. Уфа, Башкортастан),

башкірская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1955). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1941). З 1941 салістка Башк. т-ра оперы і балета (Уфа). Для яе выканання характэрны высокая тэхніка, пластычнасць. Выконвала лірычныя і драм. партыі: Зайтунгуль («Жураўліная песня» Л.​Сцяпанава і З.Ісмагілава), Зарыфа («Горная быль» А.​Ключарова), Зюгра («Зюгра» Н.​Жыганава), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Цар-дзяўчына, Эсмеральда («Канёк-Гарбунок», «Эсмеральда» Ц.​Пуні), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Зарэма, Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра) і інш. Знялася ў фільме-балеце «Жураўліная песня» (1960).

Літ.:

Хайруллин Р. Зайтуна Насретдинова // Хайруллин Р. Мастера балетного искусства Башкирии. Уфа, 1963.

З.А.Насрэтдзінава. Мастак Р.​Н.​Нурмухаметаў. 1955.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)