Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял.Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.С.Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс.аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял.Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш.асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991у Беларусі.
Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн.га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.
Літ.:
Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;
Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,
1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.
2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл.гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел.дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час.«Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).