ШУА́НЫ (франц. chouans, паводле пашыранай версіі ад chat-huant сава, крык якой капіравалі шуаны, падаючы ўмоўныя сігналы),
раялісцкія паўстанцы (сяляне, дваране, апазіц. духавенства), якія дзейнічалі на ПнЗ Францыі ў 1792—1803 у час Французскай рэвалюцыі 1789—99 і Консульства. Кіраўнік (з канца 1793) — сын селяніна Ж.Кадудаль, але ідэйнае кіраўніцтва належала дробнамаянтковым дваранам і святарам. Выступалі за аднаўленне манархіі Бурбонаў, супраць абмежавання рыначных цэн на харчаванне, ваен. рэквізіцый, мабілізацыі сялян у армію і інш. захадаў рэсп. урадаў. Карысталіся падтрымкай Вялікабрытаніі і контррэв. эмігрантаў. Удзельнічалі ў вандэйскіх войнах, у т. л. падтрымалі высадку эмігрантаў на п-ве Кіберон у Брэтані ў чэрв.—ліп. 1795. Нягледзячы на паражэнні, Ш. змагаліся да 1803, калі іх рух быў канчаткова задушаны. Кадудаль у 1804 пакараны смерцю за арганізацыю замахаў на Напалеона I.
т. 17, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)