МЕТАЛАТЭРМІ́Я (ад металы + грэч. thermē цяпло),
адна з галін металургіі па вытв-сці чыстых металаў, сплаваў, ферасплаваў, лігатур, металідаў і інш. хім. злучэнняў металаў. Прынцып М. (аднаўленне металаў з іх аксідаў алюмініем і інш. элементамі) адкрыты ў 1865 М.М.Бякетавым.
М. заснавана на аднаўленні аксідаў і інш. злучэнняў металаў элементамі, здольнымі ўтвараць аксіды тэрмадынамічна больш трывалыя, чым аксіды металаў, што аднаўляюцца; адбываецца з вылучэннем цяпла. У якасці аднаўляльнікаў звычайна выкарыстоўваюць магній (магніетэрмія), кальцый (кальцыетэрмія), алюміній (алюмінатэрмія; найб. пашырана ў прам-сці), крэмній (сілікатэрмія), бор (боратэрмія).
На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца з 1965 у БПА. Распрацаваны асновы новага кірунку ў М. — металатэрмічнага метаду стварэння сінт. парашковых асяроддзяў для хіміка-тэрмічнай апрацоўкі металаў і сплаваў.
Літ.:
Самсонов Г.В., Перминов В.П. Магниетермия. М., 1971;
Алюминотермия. М., 1978.
Л.Р.Варашнін.
т. 10, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)