Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тлума́ч старое ’перакладчык у час афіцыйных перагавораў’, ’тлумачальнік’ (ТСБМ, Ласт.), ’перакладчык’ (Нас., Гарэц. 1, Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), тулма́ч ’тс’ (Бяльк.). Запазычанне з польск. tłumacz ’перакладчык’, старое ’інтэпрэтатар, каментатар’, адносна паходжання гл. талмач. Для часткі значэнняў не выключана самастойнае ўтварэнне ад тлумачыць, гл.

Тлушч ’масляністае рэчыва, сала’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ’тук (растопленае сала)’ (зах.-бел., ЛА, 4), тлуст ’тс’ (смарг., ЛА, 4), тлусць ’тс’ (Сцяшк.), клушч ’тс’ (Ласт.), сюды ж тлу́стасць ’сала, тук’ (Нас., Шпіл., Гарэц., Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; стаўб., З нар. сл., ЛА, 4), тлу́шчосць ’тс’ (пін., ЛА, 4). Запазычана з польск. tłuszcz ’тс’, утворана ад tłusty (*tl̥st‑jь, гл. Борысь, 636), параўн. тоўшч ’таўшчыня, сытасць’, гл.

Тлума́чыць ’даваць тлумачэнне, высвятляць, каментаваць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Ласт., Некр. і Байк., ТС, Цых.), ’расказваць, гаварыць, апавядаць’ (шальч., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ’перакладаць’ (Вруб., Цых.; маст., стаўб., Сл. ПЗБ). З польск. tłumaczyć ’выясняць, інтэрпрэтаваць, абгрунтоўваць; перакладаць’, старое і дыял. tłomaczyć ’тс’, што да *tl̥mačiti ’перакладаць з адной мовы на другую; выясняць, інтэрпрэтаваць’, параўн. укр. товма́чити ’тс’, рус. толма́чить ’тс’, чэш. tlumočit ’тс’, серб.-харв. тума́чити, дыял. толма́чити ’выясняць, перакладаць; распавядаць, разумець’, макед. дыял. тумачи ’тс’; утворана ад прасл. *tl̥mačь (Борысь, 635), гл. талмач.

Тлу́сты ’з вялікай колькасцю тлушчу’, ’тоўсты, укормлены, сыты’, (ТСБМ, Нас., Яруш., Шымк. Собр., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, Вруб., ТС, ЛА, 4), клу́сты, клу́скі ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), клусты́, клу́скі ’тс’ (Ласт.), клу́сный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. тлустый ’тлусты’ (пач. XVI ст., КГС). Запазычанне з польск. tlustý ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ ’тлусты, тоўсты’ (Брукнер, 572; Борысь, 636). Варыянтнасць пачатку слова (тл‑, кл‑, пл‑) разглядаецца як вынік распадабнення (Сцяц. Нар., 61), якое назіраецца яшчэ ў польскай мове (Векслер, Гіст. 102). Гл. тоўсты.

Тлен1 ’тленне, гніенне, распад, разбурэнне’, ’прах’ (ТСБМ, Гарэц.), тлень ’гніль; знікомасць, нікчэмнасць’ (Нас., Байк. і Некр.). Можа разглядацца як скарочаная форма аддзеяслоўнага назоўніка тле́нне (тле́ньне) ’гніенне, прэнне, гарэнне без полымя’ (Ласт.) ад тлець (гл.), аднак слабая засведчанасць у народнай мове схіляе да думкі аб пранікненні з ц.-слав. тлѣнъ ’прах’, параўн. у Скарыны тление, тлененъ ’спарахнелы’ (Сл. Скар.) са ст.-слав. тьлѣньнъ ’знікомы, зямны’.

Тлен2 ’кісларод’ (Байк. і Некр.), тлён ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж тле́ньнік ’вокіс’ (Байк. і Некр.). Запазычана з польск. tlen ’кісларод’, наватвора XIX ст. ад tleć (гл. наступнае слова).

Тля ’дробнае насякомае, якое жывіцца сокам раслін’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Арх. Вяр.), ’моль, Acarus’: тля мучная, сырная (Ласт.), ’плесня, мох на чым-небудзь гнілым; прах; моль, дробныя чарвякі’ (Нас.), ’плесня’ (Байк. і Некр.), тля́га ’тля’ (Барад.), ст.-бел. тля ’тля’ (1489 г., КГС). Укр. тля, дыял. тлі́я, рус. тля ’тс’. Звязваюць з прасл. *tьliti ’хутка і прагна есці, паглынаць; выгадоўваць, адкормліваць; губіць, знішчаць, псаваць, пажыраць’, параўн. стараж.-рус. тьлити ’псаваць, пажыраць’, роднаснае *tьlěti ’тлець’ (гл. тлець). Акрамя таго, супастаўляецца з грэч. τῖλάω ’вадкія экскрэменты’, ’хварэю на панос’, лат. tĩrelis ’балота’, літ. týras ’балота; чысты’, tỹrė ’каша’, што няпэўна (ЕСУМ, 5, 583; Фасмер, 4, 65).

Тлумі́ць ’марочыць, дакучаць’ (ТСБМ), ’збіваць з толку, задурваць, блытаць’ (Нас.), ’прыгнятаць’ (Ласт.), ’турбаваць’ (чэрв., ЛА, 3), ’заблытваць, збіваць з панталыку’ (Байк. і Некр.), ’ачмураць шумам’ (Касп.), ’псаваць, таптаць (пасевы); жартаваць, гаварыць абы-што’ (Нас.), ’дурыць’ (пух., Жд. 2; бялын., Янк. Мат.), ’несці лухту’ (Шымк. Собр.), тлумы́ты ’стрымліваць, затрымліваць’ (драг., Ск. нар. мовы), ст.-бел. тлуми́ти ’ўціхамірваць’, ’стрымліваць’ (1574 г., КГС), сюды ж тлумі́цца ’страчваць увагу, блытацца’ (Нас.), ’туліцца, жыць у цеснаце’, ’дурэць’, ’прадаваць, рабіць доўга’ (Мат. Гом.), тлуми́тис ’таўчыся’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тл́умны ’нястрыманы, шумны, неспакойны’ (ТСБМ), ’сварлівы, бесталковы’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. тлу́ми́ти ’знішчаць, нявечыць; заглушаць; біць, лупцаваць’, польск. tlumić ’прыглушаць, глушыць, прыгнятаць (пра агонь), стрымліваць; таўчыся, біцца’, ст.-польск. tlomić ’тс’, чэш. tlumit ’прыглушаць, стрымліваць, змякчаць’, славац. tlmiť ’тс’. З польск. tlumić ’прыглушаць, стрымліваць’ (Борысь, 635; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Куркіна, Этимология 1983, 24–26).

Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tly ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.