Тарно́ ’чал, вяроўка, якой вадаплаў прымацаваны да берага’ (Ласт.). Відаць, наватвор Ластоўскага на аснове тарнава́ць 2 (гл.) па тыпу стырно (гл.), карно́ ’карма’ (Ласт.) і пад.
Тарту́ра ’катаванне’ (Ласт.), торту́ры ’мардаванне; строгі допыт з катаваннем’ (Нас.), ’мучэнне’ (Беларусіка, 19, 226). Праз польск. tortura, tortury ’катаванне, мучэнне’ з лац. tortūra ’мука, катаванне’ < torquēre ’круціць; катаваць’ (Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 608–609).
Та́рча ’шчыт’ (Байк. і Некр., Нас.), ’малы шчыт, у сярэдзіну якога прасоўвалася рука’ (Ласт.), ст.-бел. тарча, тарчъ, тарчь ’шчыт’ (XV ст., Ст.-бел. лексікон, Карскі 2–3, 456). Запазычана са ст.-польск. tarcza, tarcz ’тс’ < с.-в.-ням. tartsche ад ст.-франц. targe ’круглы скураны шчыт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 68; Борысь, 627).
Та́ра 1 ’ўпакоўка тавару’, ’вага ўпакоўкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.). З ням. Tára ’тара; упакоўка; вага ўпаковачнага матэрыялу’, якое з італ. tara ’тара; зніжка, вылік, адлічэнне’ < араб. ṭarḥ ’зніжка, вылік, адлічэнне’ < ṭáraḥa ’ён адсунуў, адклаў’ (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517; Чарных, 2, 228; Голуб-Ліер, 477).
Та́ра 2 ’плыток для пераезду’ (ТС). Гл. тар.
Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).
Тарава́ты ’памяркоўны; не скупы’ (карм., ЛА, 3), ’шчодры’ (Янк. БП), тырыва́тый ’добры, шчодры’ (Бяльк.), сюды ж тарава́ціцца (торова́цицьца) ’дэманстраваць шчодрасць’, ’абяцаць; прапанаваць мала’ (Нас.). Рус. тарова́тый, торова́тый перакладаюць як ’спрытны, дасціпны; шчодры, гасцінны’ (Некр. і Байк.), ’маторны’ (Ласт.). Звязваюць з тор ’дарога, шлях; след’, тары́ць ’пракладваць след, шлях’ (гл.), што да *torъ, *toriti, роднасных да *terti (гл. церці), гл. Фасмер, 4, 84; Новое в рус. этим., 233. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, падзець невядома дзе’, славен. tóriti ’рассыпаць, растрачваць’.
Тара́шчыць ’шырока раскрываць (вочы); здзіўлена або спалохана глядзець’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тарэ́шчыць ’вылупляць (вочы)’ (дзісн., Нар. сл.); сюды ж тарашча́ка ’вірлавокі, лупаты, зіркаты’ (Ласт.). Укр. дыял. тара́щити ’вытрэшчваць, вылупліваць’, рус. тара́щитъ ’тс’, дыял. ’растапырваць’, тара́щиться ’цягнуцца, плясціся’. Варбат (Этимология–1971, 14) рэканструюе *torščiti як ітэратыў да *tьrskati, гл. тараскаць. Сувязь з вы́трашчыць (гл.), укр. витріща́ти ’вытрэшчваць’, польск. wytrzeszczyć ’вытрашчыць’, чэш. vytřeštiti ’тс’, славац. vytreštiť ’тс’ застаецца праблематычнай, гл. Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 522. Параўн. тапарашчыць, гл.
Тары́ф ’устаноўленая сума збораў, аплаты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тары́фа ’тс’ (Вруб.), ’спіс тавараў з расцэнкамі’ (Ласт.), ’аплата згодна лічыльніку (у таксі)’: у тарыфе ездзіць (гарад., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарыфъ ’цэннік’ (1711 г., КГС). Запазычана з рус. тари́ф ’тс’ або з польск. taryfa ’тс’, taryf ’тс’; апошнія выводзяць з іт. tariffa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84), сучасныя запазычанні праз рускую з франц. tarif ’тарыф’, якое з італ., ісп. і парт. tarifa ’тс’ < араб. ta‘rîf(a) ’абвяшчэнне (платы)’ < ‘árrafa ’ён абвясціў’. Выводзяць таксама з тапоніма Тарыфа — назва вострава ў Міжземным моры (Фасмер, 4, 24; ЕСУМ, 5, 522; Голуб-Ліер, 477).
Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел. таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус. тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат. тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус. то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк. таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).
Таранта́с ’дарожная павозка на чатырох колах, звычайна крытая; каламажка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вялікі воз для перавозкі сена і снапоў’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.), ’чатырохкалёсная гаспадарчая павозка’ (в.-дзв., паст., брасл., лудз., глыб., Сл. ПЗБ). Укр., рус. таранта́с, польск., чэш., славац. tarantas, славен. tarantás, серб.-харв. тарантас, балг. таранта́с. Магчыма, цюркізм, параўн. тат. тарантас ’тс’ (ЕСУМ, 5, 519). У якасці вытворнай асновы называлася таксама рус. таранти́ть ’трашчаць, стракатаць’, тарато́рить ’трашчаць’ (Гараеў, 360). На магчымае гукапераймальнае паходжанне ўказвае Фасмер (4, 22), параўноўваючы з таратайка (гл.) пры наяўнасці ў апошняга значэння ’балбатун’. Параўн. таранта, таранда, гл. Ластоўскі для рус. таранта́с ’павозка на доўгіх зыбучых планках’ прыводзіць уласныя адпаведнікі зы́баўка, го́йдаўка (Ласт.).