Слібі́ць (сьлі́біць) ‘ільсніцца’ (Ласт.), сьліба́ ‘амальгама’ (Ласт., Байк. і Некр.). Няясна, параўн. польск. дыял. ślibrzny ‘сярэбраны, срабрысты’.
Спаро́н ‘выкідыш, аборт’ (Ласт., Байк. і Некр.). Аддзеяслоўны назоўнік ад спараніць ‘скінуць’ (Ласт.), што да раня́ць (гл.).
Слёзнік ‘чальчак, Lythrum salicaria L.’ (Ласт., Кіс., Мат. Гом.), іншая назва плаку́н (Ласт.). Да сляза (гл.), паводле Ластоўскага (Ласт., 799), “народ верыць, што ад яго плачуць ведзьмы і чэрці”; паводле Мат. Гом., “капае з ее сок”.
Су́тарга ’рэзкае скарачэнне мышц’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’канвульсія, сударга, эпілепсія’ (Ласт.), су́торга ’тс’ (ТС), суторга ’цік?’: на абодвух ачох суторга скачэ (Полымя, 2001, 3, 253), су́таргі ’торганне, спазмы’ (Некр. і Байк., Ласт.), су́тарж ’сударга’ (Ласт.). Вытворныя з су- ад торгаць (гл.), параўн. сударга.
Су́гаркі ’вугалькі, агаркі’, ’назва гульні, гарыпні’ (Ласт.). Ад гарэць, параўн. рус. горелка ’гульня, у якой становяцца парамі, а адзін спераду “гарыць”, ловіць’ (Ласт., 131).
Свя́ны ‘бляклы, бясколерны’ (Ласт.), разам з сьвя́нець ‘блякнуць’, сьвя́нуць ‘выцвітаць, блякнуць, рабіцца цьмяным’ (Ласт.) да вянуць (гл.). Параўн. макед. свене ‘звянуць, выклікаць вяласць’, свенува ‘блякнуць, вянуць’.
Суму́д ’гермафрадыт’ (Ласт.). Відаць, да муды (гл.), параўн. сінонім абаму́д ’тс’ (Ласт.) з няяснай першай часткай, што адпавядае су- са значэннем сумеснасці (тады аба‑ з абодва, абое?).
Сля́мга (сьля́мга) ‘мачта’ (Ласт.). Няясна.
Струме́ль ‘насякомае багамол’ (Ласт.). Няясна.
Скрыло́ ‘крыло’ (Ласт., Сл. ПЗБ, Стан.), скры́льлі ‘крылы’ (Ласт.), скры́лы ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скры́лья ‘крылле’ (там жа). Варыянт з рухомым s‑ ад *skridlo/*kridlo (гл. ЭССЯ, 12, 153). Гл. крыло.