Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ступня́ ‘плюсна, частка нагі ад шчыкалаткі ўніз’, ‘ніжняя паверхня ступака, падэшва’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ‘ступак’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ЛА, 3). Дэрыват ад ступіць, гл. ступень.

Студэ́нт ‘навучэнец вышэйшай навучальнай установы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.), ‘вучань, навучэнец’ (Нас.). Ужо ст.-бел. студэнтъ (1597 г.) з ст.-польск. student (Булыка, Лекс. запазыч., 159), якое з лац. studēns, ‑ntis ‘той, які стараецца’; гл. Фасмер, 3, 787.

Ступа́ць ‘крочыць, ісці’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС), ступану́ць ‘ступіць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ступа́ти, рус. ступа́ть, польск. stąpać, в.-луж. stupać, н.-луж. stupaś, чэш. stoupali, славац. stúpať, серб.-харв. сту́пати, славен. stọ́pati, балг. стъ́пям, макед. стапува. Прасл. *stǫpati ітэратыў да *stąpiti ‘ступіць’, гл. ступіць (Бязлай, 3, 321; Борысь, 577).

Сту́сіна, стусі́на ‘прут, дубец; гібкае пугаўё’, перан. ‘пра высокага тонкага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), ‘гібкае дрэўца для пугі’ (Пятк. 1, Арх. Федар.; гродз., Нар. сл.), ‘чалавек высокага росту’ (ушац., там жа), сту́сінка ‘чаранок, палачка’, сты́сіна ‘доўгая тонкая галіна’ (Сцяшк. Сл.). З польск. stosina, дыял. stysina, stusina (stósina) ‘тс’, што да ням. Stoß ‘удар’, гл. Глінка, Бел.-польск. ізал., 28; магчыма пасрэдніцтва мовы ідыш (спалучэнне ст‑ замест шт‑).

Сту́льцы ‘бульбяныя перапечкі’ (шуміл., ігн., Сл. ПЗБ), ‘густая каша з гарохавай мукі, халодная, парэзаная на шматкі’ (Анім. дад.), ‘стоўчаная ў ступе халодная каша з бульбы’ (Гіл.). Рус. пск. сту́льцы ‘пячэнне з гарохавай мукі, слупкі; слупкі квашаніны’. Відаць, ад стульцы ‘брускі’, памянш. да стулы (гл.), параўн. яшчэ рус. стул ‘рэч, тавар, прыпас у выглядзе абрубка або кола’. Арэальнае ўтварэнне, гл. таксама рус. пск. стульца́, сту́льчик, стуле́чек ‘цвёрды, застылы кусочак’, гл. Лутавінава, Псковские говоры, Ленинград, 1979, 35–38, дзе дапускаецца роднасць з літ. stýgti ‘тырчаць, рабіцца цвёрдым’. У сувязі з гэтым нельга выключыць утварэнне ад стуліць (гл.), параўн. сту́льны ‘сціснуты, збіты, густы’ (Ласт.). Параўн. стыльцы, гл.

Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень 3.

Сту́каць ‘удараць, грукаць; ляскаць’ (ТСБМ, Ласт., Варл.; астрав., ашм., Сл. ПЗБ), сту́гаць з азванчэннем к > г ‘стукаць, важка біць, збіваць’ (ТС), сту́кацца (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж стук ‘кароткі адрывісты гук’ (ТСБМ, ТС; мсцісл., Нар. лекс.), сту́кат ‘тс’, стуката́ць ‘бесперапынна стукаць’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., Растарг.), стукаце́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), стукаце́нь ‘груканне’ (чэрв., навагр., Сл. ПЗБ), стукаце́ць ‘грукатаць, ляпаць’ (ТС), стукуня́ць ‘тс’ (Пар. Том.). Параўн. укр. сту́кати, рус. сту́кать, стараж.-рус. стукъ, стукнути, серб.-ц.-слав. стоукъ ‘гук; шум, звон’, польск. stukać, н.-луж. stukaś, чэш. дыял. stukať, славац. stukať ‘тс’. Прасл. дыял. *stukati гукапераймальнага паходжання; параўн. лат. stukât ‘ісці маленькімі крокамі’, stuknît ‘штурхаць, прасоўвацца ўперад ударамі’, stucinât ‘стукацець, грукаць’ і інш.; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1100, 1102; гл. яшчэ Міклашыч, 327; Брукнер, 523; Праабражэнскі, 2, 407; Атрэмбскі, LP, 1, 147; Шустар-Шэўц, 1370. Аналагічна чэш. ťukati ‘пастукваць’, франц. разм. toquer ‘пастукваць’, іт. tocco ‘стук’, тур., крым.-тат. taka, tuka ‘стук (сякеры, малатка)’. Гл. Фасмер, 3, 787; ЕСУМ, 5, 458 (узводзіцца да прасл. *stuk‑). Гл. таксама тукаць.

Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Сту́дзень 1 (студзѣнь) ‘сцюжа, холад’ (Шымк. Собр.), сту́дэнь ‘холад на дварэ’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл., ст.-бел. студень ‘тс’: з велѣкое стꙋдени (XVI ст., Карскі 2–3, 40). Параўн. укр. сту́дінь ‘сцюжа’, стараж.-рус. студень ‘холад’, серб.-харв. сту̏ден ‘сцюжа, холад’, ст.-слав. стоудень ‘холад’. Прасл. *studenь ‘холад, сцюжа’, абстрактны назоўнік, утвораны ад дзеепрыметніка залежнага стану *studenъ з папярэдняй заменай першаснай асновы на ‑ĭ‑ ж. р. асновай на ‑ja‑ (Борысь, Etymologie, 335). Гл. сцюдзёны.

Сту́дзень 2 ‘першы месяц года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Стан., Некр. і Байк.), ‘снежань’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. укр. сту́дзень ‘снежань’, серб.-харв. сту̀дени ‘лістапад’. Гл. студзень 1.

Сту́дзень 3 ‘калодзеж’ (Нас.), сту́дзін ‘тс’ (Бяльк.), студзянцы́ ‘месца на балоце, дзе заўсёды халодная вада’ (глус., КЭС), ст.-бел. студенецъ ‘калодзеж, студня’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. студени́ця ‘крыніца’, дыял. сту́день ‘тс’, рус. студене́ц ‘крыніца; калодзеж’, польск. studzienka, чэш. studánka, дыял. studánec, серб.-харв. студе́нац, славен. studénec, sdenz, sdȇnec, балг. студене́ц, макед. студенец, ст.-слав. стоуденьць ‘крыніца’. Прасл. *studenьcь ‘крыніца’, *studenъka, г. зн. ‘студзёная крыніца’, што ўтворана ад дзеепрыметніка *studenъ < *studiti ‘студзіць’, параўн. халадні́к ‘крыніца халоднай вады, якая выбіваецца з-пад зямлі’ (Сцяшк.). Гл. Фасмер, 3, 787; Бязлай, 3, 337. Сюды ж студзяні́к ‘міфічны дух, які жыве ў студні ці ў сажалцы’ (Сцяшк. Сл.}.

Сту́дзень 4 ‘квашаніна’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Жыв. сл., Нар. лекс., ЛА, 4), сту́дзіна ‘тс’ (ТСБМ), сту́дзяніца, сту́дзянь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), студзяні́на ‘тс’ (З нар. сл., Жыв. сл.), студзёнка ‘тс’ (Сцяшк.), сьцю́дзень ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп.). Параўн. укр. студелина, студе́не́ць ‘тс’, рус. сту́день ‘квашаніна’, польск. дыял. studzielina, studzenina, studzieniec ‘тс’, славац. дыял. stuďenina, stuďeno ‘тс’ і інш. Да *studiti ‘студзіць’, гл. наступнае слова. Параўн. сту́дня, засту́да, засту́дзі́на ‘квашаніна’ (Бел. дыял.).