Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Смята́нка памянш. ‘смятана’, ‘верхні густы і тоўсты слой малака, вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Да смятана (гл.); у другім значэнні паланізм, параўн. польск. śmietanka ‘вяршкі’.

Смяртэ́льны ‘смяротны, смертны’ (ТСБМ, Нас.), ‘невыносны (пра боль)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж смяртэ́льнічкі ‘абутак для нябожчыка’ (там жа), смерце́льно ‘смяротна’, смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.), ‘незапамінайка’ (Жд. 2), ст.-бел. смертелный (смертельный) ‘смяротны’. Запазычана з ст.-польск. śmiertelny ‘тс’, што ў сваю чаргу з ст.-чэш. smrte(d)lný ‘тс’, якое тлумачыла лац. mortalis ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 57; Булыка, Лекс. запазыч., 196; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 381). З той жа крыніцы, відаць, праз старабеларускую, рус. смерте́льный ‘тс’ (Віткоўскі, Słownik, 175; Фасмер, 3, 685). Народнае смяро́тны ‘смяртэльны, смертаносны’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Растарг.) утворана ад *смерота, параўн. экспрэсіўнае (табуізаванае?) смяро́тка ‘смертухна’ (Ласт., Некр. і Байк.), што да смерць (гл.). Непасрэдныя ўтварэнні ад апошняга смярце́нны ‘смяротны’ (Ян.), сме́ртны ‘тс’ (ТСБМ), ст.-бел. смертныи (смерʼтныи) ‘тс’ (Альтбаўэр).

Смярдзе́ць ‘вылучаць смурод, дрэнна пахнуць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смердзе́ць ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. смерді́ти, рус. смерде́ть, стараж.-рус. смьрдѣти, польск. śmierdzieć, в.-луж. smjerdźić, н.-луж. smerźiś, чэш. smrděti, славац. smrdieť, серб.-харв. смр́дјети, славен. smrdẹ̑ti, балг. смърдя, макед. смрди, ст.-слав. смрьдьти. Прасл. *smьrděti дакладна адпавядае літ. smìrdéti, лат. smir̂dêt ‘смярдзець’, лац. merda ‘кал, нечыстоты’ ад і.-е. *smerd‑ ‘смярдзець’, гл. Траўтман, 271; Мюленбах-Эндзелін, 3, 965; Махэк₂, 561; Фасмер, 3, 685; Шустар-Шэўц, 1321; Сной₁, 586; ЕСУМ, 5, 317. Параўн. смерд, смурод.

Смята́на ‘густы і тоўсты верхні слой сквашанага малака’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ), ‘вяршкі’ (Гарэц.; ашм., Стан.), ‘страва з цёртага канаплянага семя’ (ЛА, 1, 4; Сл. ПЗБ, ТС), смята́нка ‘вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. смета́на, польск. śmietana, ст.-польск. śmiotana, дыял. smiętana, каш. sḿotana, в.-луж. smjetana, н.-луж. sḿetana ‘расліна Ulmaria pentapetala’, zmjatana ‘вяршкі’, чэш., славац. smetana ‘вяршкі’, серб.-харв. сметана, славен. smẹ́tanẹ́a, харв. дыял. smȅtana, балг. смета́на. Прасл. *sъmetana выводзяць ад форм, роднасных прасл. *metati (гл. мята́ць1), *sъmetati, г. зн. ‘знімаць, скідваць’, параўн. макед. сметина ‘тс’. Насавы ę ў польск. дыял. smiętana тлумачаць другаснай назалізацыяй, як у między ‘паміж’. Але паколькі існуе рум. smîntînă ‘смятана’, smîntîresc ‘знімаць вяршкі’, якія выводзяцца з славянскіх форм, можа быць узноўлена прасл. *sъmętana, што збліжаецца з ст.-слав. мѧсти, мѧтѫ ‘мяшаць’; гл. Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181–182. Далей мяркуюць, што вельмі рана ę і n у гэтым слове дысіміляваліся, што дало прасл. *sъmetana. Гл. Фасмер, 3, 686–687; Брукнер, 533; Махэк₂, 560; Сной₁, 584–585; Шустар-Шэўц, 1321; Борысь, 618; ЕСУМ, 5, 320. Паводле Развадоўскага (Wybór, 1, 289–291), абедзве формы слова паралельныя, пры гэтым форма з насавым лічыцца дыялектнай (гл. Слаўскі, SP, 1, 132; Новое в рус. этим., 212).

Смя́га ‘сухасць на губах’, ‘смага’ (Нас., Касп.), ‘млявасць, млосць’ (Ласт.), смя́гнуць ‘запякацца, засыхаць ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп.), ‘смажыцца ў зачыненым посудзе’ (Касп.), ‘вянуць’ (Гарэц.), ‘пячыся на сонцы, адчуваць прагу да вады, быць мляўкім’ (Варл.), смя́глы ‘засохлы ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смя́гці, смя́хці ‘сохнуць (па кім-небудзь)’ (віл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. смя́гнуть, пересмя́гнуть ‘перасохнуть (аб губах), патрэскацца’: смя́га во рту, стараж.-рус. прѣсмѧгнути ‘высахнуць, запячыся’, чэш. osmahlý ‘загарэлы’, славац. zusmehlý, славен. prismegniti ‘пасохнуць (пра расліны)’. У рускай таксама формы з ‑к‑: пересмя́клый, пересмякло во рту. Зыходнае *smęgnoti — вынік назалізацыі каранёвага галоснага, прадстаўленага ў *smog‑, гл. смаголь (Куркіна, Диал. структура, 73). Паводле Махэка (гл. Фасмер, 3, 695), гэта экспрэсіўная палаталізацыя зыходнага смага (гл.) або яго кантамінацыя з *mekъkъ (гл. мяккі).

Смяя́цца ‘праяўляць весялосць, радасць смехам’, ‘насміхацца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), смія́цца тс’ (Бяльк.), ‘жартаваць’ (Стан.), смея́цца ‘тс’, ‘усміхацца’ (ТС), ст.-бел. смѣѧтисѧ (Альтбаўэр). Укр. смія́тися, рус. смея́ться, стараж.-рус. смияти ся, польск. śmiać się, в.-луж. smjeć so, н.-луж. smjaś se, чэш. smáti se, славац. smiať sa, серб.-харв. смѐјати се, смѝјати се, славен. smẹ́jati se, макед. смее се, балг. сме́я се, ст.-слав. смиꙗти сѧ. Прасл. *smьjati sę роднаснае лат. smiêt, smeju, smêju ‘смяяцца, жартаваць, узнімаць на смех’ ст.-інд. smáyatē ‘смяяцца’, англ. smile ‘смяяцца’, лац. mīrus ‘цудоўны’; гл. Покарны, 967; Фасмер, 3, 688; Мюленбах-Эндзелін, 3, 968; Майргофер, 3, 548; Махэк₂, 559; Шустар-Шэўц, 1319. Да і.-е. кораня *smei̯‑ ‘смяяцца’ (Сной₁, 584; Борысь, 617; Варбат, Этимология–1965, 117; Мельнічук, Этимология–1984, 142; ЕСУМ, 5, 324) або *(s)mei‑ ‘тс’ (Глухак, 565).