Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).

Склон1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.

Склон2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.

Скло́ннасць ‘схільнасць, дар, талент’, ‘прыхільнасць’ (Ласт.), сюды ж скланяць ‘схіляць у карысць каго-небудзь ці чаго-небудзь’, скло́нны ‘прыхільны’ (там жа), ст.-бел. склонити ‘схіліць’ (Альтбаўэр), параўн. рус. скло́нность, склоня́ть, скло́нный ‘тс’. Паводле Кохмана (Stosunki, 125–126), насуперак Фасмеру (3, 642: калька франц. inclination ‘схільнасць’), з польск. skłonność — калька з лац. inclinatio ‘тс’, што трапіла ў рускую мову праз старабеларускую, гл. таксама Віткоўскі, Słownik, 173. У сучаснай літаратурнай мове калькуюцца ўтварэннямі з коранем ‑хіл‑, што не выключае захавання народных форм ад кланіць (гл.).

Склі́зкі ‘слізкі’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Юрч., Ян., Сцяшк.), склі́знуць, склізо́та, склізь ‘слізь’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Укр. скли́знути ‘выслізнуць, уцячы’, рус. скли́зкий, скли́знуть, славен. sklizək, серб.-харв. скли̏зак, кли̏зак ‘склізкі’, кли́зити ‘слізгаць(ца)’, ц.-слав. сколъзати, сколъзнѫти. Фасмер (3, 642) лічыць, што тут скрыжавалася некалькі асноў, параўн. яшчэ чэш. klouzati ‘слізгаць’, kluzký ‘склізкі’, славац. klzký ‘тс’, klzať se ‘слізгаць, спаўзаць’ (гл. пад коўзаць). Гл. яшчэ слізкі. Рэканструкцыю прасл. *skъlьzъkъ або *skъlъzъkъ Фасмер (там жа) лічыць няпэўнай. Глухак (554) рэканструюе *sklizъkъ, якому адпавядаюць склізкі, рус. скли́зкий, славен. sklizek, што узыходзіць да і.-е. *(s)lei‑ (гл. сліна); і *slizъkъ, якому адпавядаюць слі́зкі, рус. слі́зкий, польск. ślizki, чэш. slizký, славен. slízek, што узыходзіць да *slizь (гл. слізкі). Астроўскі (ABSl, 29, 155) склізкі лічыць вынікам кантамінацыі ско́ўзкі (гл. коўзацца) і польск. ślizki ‘коўзкі; слізкі’, што цяжка давесці, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Склад1 ‘месца захоўвання (тавараў, матэрыялаў і пад.)’, ‘састаў’, ‘стан’, ‘постаць, целасклад’, ‘манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Байк. і Некр., Варл., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ), ‘лад, логіка, стройнасць’ (Пятк. 2), ‘штабель дроў’ (Шатал.), ‘павець’ (Сл. ПЗБ), скла́дзік ‘кладоўка’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1), склада́нец ‘постаць, целасклад’ (Ян.), ст.-бел. складанка ‘збор, даход’ (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны дэрыват ад скласці, складу < класці (гл.). БЕР (6, 754) на падставе агульнаславянскага распаўсюджання, параўн. рус. склад, польск. skład, чэш. sklad і г. д. узнаўляе прасл. *sъkladъ, але гэта няпэўна з прычыны прадуктыўнасці словаўтваральнай мадэлі. Значэнне ‘састаў’, магчыма, калька польск. skład ‘тс’, але яе практычна нельга адрозніць ад уласнабеларускага ўтварэння; аналагічна значэнне ‘спецыяльнае памяшканне’, што для старабеларускай і рускай выводзіцца з польск. skład ‘magazyn’ (Віткоўскі, Słownik, 173; Гарбуль, Slavistica Vilnensis, 2004, 171).

Склад2 ‘адзінка вымаўлення, сілаба, частка слова’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Гарэц., Шат.; ашм., Стан.). Слова як лінгвістычны тэрмін з’явілася ў XIX ст. (Гіст. лекс., 250). Да складаць < класці; параўн. і рус. читать по складам ‘аб тым, хто яшчэ не ўмее бегла чытаць’, а таксама слог ‘склад’ < сложи́ть ‘скласці’.

Склад3 ‘дзве барозны ворыва, пласты якіх пакладзены адна на другую’ (Шат., Шатал., Сцяшк., Дэмб., Юрч., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Выг., Варл., Стан., Жыв. сл.), ‘узараны загон з двайной баразной пасярэдзіне’ (Яшк.), ‘частка загона’ (гом., Нар. словатв.). Укр. орати у склад ‘араць, пачынаючы з сярэдзіны загона такім чынам, што пласты кладуцца ўсярэдзіну’, чэш. orati do skladu ‘тс’, польск. skład ‘сярэдняя ўзвышаная частка загона’, славац. sklad ‘тс’, серб.-харв. скла̑д ‘склад’. Этымалагічна тое ж, што і склад1. Спецыяльна гл. Махэк₂, 251–252.