Едва́б ’шоўк’ (Нас., Шат., Касп., Сцяшк., Шпіл., Шн.), ст.-бел. едвабъ ’тс’. Запазычанне з польск. jedwab, якое ў сваю чаргу са ст.-чэш. hedvabie (Булыка, Запазыч., 105). Ст.-чэш. hedvabie, відавочна, герм. паходжання. Сярод лексем найбольш блізкая да верагоднай крыніцы ст.-в.-ням. gutawebbi, ст.-сакс. godowebbi (Слаўскі, 1, 551).
Е́дкі ’які раз’ядае, з’едлівы’ (толькі ў літаратурнай мове, магчыма, з рус. едкий) (БРС, ТСБМ), ’ядомы’ (Касп., Мат. Гом., Шат., Сцяц. Клім., Сл. паўн.-зах., ТС), ’востры’ (Мат. Гом.) да есці (гл.).
Еднасць ’адзінства’ (БРС, ТСБМ, Яруш.) < польск. jedność (Булыка, Запазыч., 106).
Една́ць папа́ ’дамаўляцца аб вянцы’ (Рам.) < польск. jednać ’угаворваць, схіляць на свой бок’.
Едранец, едрынец, ядранец ’Pimpinella saxifraga’ (Кіс.). Ад *бедранец пад уплывам ядраны ’цвёрды, сільны’. Параўн. рус. бедренец у тым жа значэнні, польск. biedrzeniec, якія да bъdrьnьcь < bъdrъ ’бадзёры, сільны’.
Е́дрыністы ’поўны колас (збожжа)’ (Шн.) < польск. jędrny ў тым жа значэнні. Польск. форма ад jędro. Бел. спрадвечнае ядраны (гл.).