Інсты́нкт ’неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго-н.’, ’чуццё, прадчуванне чаго-н.’ (ТСБМ), инсты́кт ’унушэнне’, ’цяга, унутранае пабуджэнне’ (Нас.). Ст.-бел. инстинктъ, инстиктъ, инстынктъ ’пабуджэнне, чуццё’ (1620 г.) (Булыка, Лекс. запазыч., 136; Гіст. лекс., 108). Запазычанне з лац. instinctus ’пабуджэнне’ праз польск. instynkt (XVII ст.). Рус. инсти́нкт у XVIII ст. праз нямецкую (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 87). Памылковае дапушчэнне аб запазычанні з рус. у пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252, 272; Крукоўскі, Уплыў, 77), паколькі слова зафіксавана ў ст.-бел. мове і лексікаграфічных крыніцах XIX ст., аднак замацаванне слова ў навуковай тэрміналогіі адбылося, безумоўна, пад рускім уплывам; параўн. таксама націск.
Інстыту́т (ТСБМ), інсціту́т (Сцяшк. МГ). У пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 241) з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 77), дзе ўпершыню ў помніках 1771–1773 гг. (Біржакова, Очерки, 363). У рускай з франц. institut, якое ўзыходзіць да лац. institutum ’устанаўленне, установа’ (Шанскі, 2, I, 87).
Інтарэ́с ’увага, цікавасць да каго-, чаго-н.’, ’імкненні, мэты; патрэбы’, ’карысць, сэнс’ (ТСБМ, Касп.), интэре́съ ’справа, патрэба’ (Нас.), інтэ́рас ’справа, дзелавая патрэба’, ’занятак гандлем; крама’ (ТСБМ), ’выгадная справа’ (Шат.), ’зацікаўленасць’ (Касп.). Ст.-бел. интересъ ’карысць, здзелка’ (1568 г.) запазычана з польск. interes; интересоватисе ’займацца фінансавай справай, старацца’ (1686 г.) < польск. interesować się (Булыка, Лекс. запазыч., 80, 81). Польск. interes ’інтарэс, зацікаўленасць’, ’справа’, ’гандлёвая справа’, ’карысць’ праз ням. Interesse узыходзіць да с.-лац. interesse ’мець важнае значэнне’, ’прымаць удзел’ (субстантыў ужываўся як юрыдычны тэрмін, адкуль значэнне ’выгада, карысць’), гл. Слаўскі, 1, 464. У рускую мову слова трапіла ў Пятроўскую эпоху праз польскую ці нямецкую з першапачатковым значэннем ’выгада, справа, карысць’ (Шанскі, 2, I, 97–98; Фасмер, 2, 136); значэнне ’ўвага, зацікаўленасць; займальнасць’ (1777 г.) пад уплывам франц. intérêt (Біржакова, Очерки, 261, 364). Бел. інтэ́рас паказвае на польскую крыніцу (параўн. семантыку, націск). Форма інтарэ́с замацавалася пад уплывам рускай мовы.
Інток, инточек ’ручай, ручаёк’ (Гарб.). Запазычанне з літ. intakas ’прыток’ у ст.-бел. мове.
Інтры́га. Запазычанне з франц. intrigue, якое ўзыходзіць да лац. intricare ’заблытваць’. Для беларускай крыніцай можа быць польская ці руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 77). У рускай (першая фіксацыя 1710 г., Біржакова, Очерки, 364), відаць, праз польскае ці нямецкае пасрэдніцтва (Фасмер, 2, 136; Шанскі, 2, I, 104).
Інтуру́сіца ’лухта, глупства’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. туру́сы ’лухта, балбатня’, галоўным чынам у выразах турусы на колёсах; подпускать турусы (на колёсах); нести турусы (на колёсах), дыял. туру́сить ’казаць лухту, хлусіць, вярзці глупства’, ’трызніць у сне’. Гэтыя выразы звычайна тлумачаць назвы асаднай вежы, якая рухаецца на колах, паколькі расказы аб ёй лічыліся неверагоднымі. Далей збліжаюць са ст.-рус. тарасъ ’падкатны зруб, які ўжываўся для абароны і асады горада’ (XVI ст.) (Праабражэнскі, 2, 21; КЭСРЯ, 455), запазычаным з польск. taras ’насып, вал; укрыцце, загарода; тэраса’, якое ўзыходзіць да лац. terrācea праз франц. ці ням. пасрэдніцтва (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 138). Аднак збліжэнне з таросы выклікае фанетычныя цяжкасці і не з’яўляецца неабходным, тым больш што турусы можна звязаць непасрэдна з лац. turris ’вежа’ (гл. заўвагу Трубачова, Дополн., 4, 125). Пачатковае ін‑ у беларускім слове не зусім яснае. Магчыма, вынік кантамінацыі з *інтруз, якое пранікла ва ўсходнеславянскія гаворкі з польск. intruz ’нахабнік, назойлівы чалавек’, ’выскачка’ (Слаўскі, 1, 465). Не выключана, што ін‑ асэнсоўваецца як прэфіксальны элемент, адносна словаўтварэння і семантыкі параўн. алесіца (гл.) < акалесіца.
Інтэле́кт. З рускай мовы ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 272; Крукоўскі, Уплыў, 77). Рус. интелле́кт (першая трэць XIX ст.) з лац. intellectus ’разуменне, розум’ праз французскае ці нямецкае пасрэдніцтва (Шанскі, 2, I, 92).
Інтэліге́нцыя. Крыніца: лац. intelligentia ’разуменне’. Значэнне ’грамадскі слой людзей, якія прафесіянальна займаюцца разумовай працай’ сфарміравалася раней, відаць, у польск. мове (першапачаткова inteligencja ’цямлівасць, кемнасць’), адкуль трапіла ў рус. у сярэдзіне XIX ст.; да гэтага часу рус. интеллиге́нция ўжывалася ў значэнні ’разумнасць, свядомасць, дзейнасць розуму’ (Вінаградаў, Этимология. 1964, 111–113; Шанскі, 2, I, 94). З рускай слова запазычана ў зах.-еўрап. мовы (Баравы, Путь слова, 330). У беларускай інтэлігенцыя ў пачатку XX ст. з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77). Паводле Шанскага (2, I, 94), интеллиге́нт — зваротнае ўтварэнне ад интеллигенция.
Інфарма́цыя. Запазычанне з лац. informatio ’ўяўленне аб чым-н.’ праз польскае пасрэдніцтва (SWO, 305). Тым жа шляхам рус. информация (з 1702 г.) (Фасмер, 2, 136; Шанскі, 2, I, 108; Біржакова, Очерки, 364, поруч з польскай называе беларускую і ўкраінскую як магчымыя крыніцы запазычання). Ст.-бел. информация, информацыя ’разуменне, высвятленне, паведамленне’ (1588 г.) са ст.-польск. informacyja; дзеяслоў информовати ’інфармаваць, асвядомліваць’ (1588 г.) < ст.-польск. informować < лац. informare (Булыка, Лекс. запазыч., 49). Недакладна Крукоўскі (Уплыў, 77), які лічыць слова новым запазычаннем з рускай.
*І́нцык, и́нцик ’тайнік, патаемнік’ (Шпіл.). Няяснае слова. Можа, звязана з ням. Winkel ’кут’.