Дубальто́ўка 1 ’дубальтоўка, паляўнічая стрэльба’ (БРС, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. dubeltówka ’тс’ (ад dubeltowy ’падвойны’ < ням. dupel; гл. Брукнер, 101).
Дубальто́ўка 2. Гэта назва азначае розныя рэаліі: ’вялікая суконная хустка’ (Сцяшк., Сцяц.), ’падвойнае акно’ (Сцяшк.). У аснове ляжыць запазычаны з польск. мовы прыметнік дубальто́вы ’падвойны’ (гл.). Назвы для ’хусткі’ і ’падвойнага акна’ могуць быць утворанымі ўжо на бел. глебе (параўн., напр., выраз дубальто́выя ра́мы ’падвойныя рамы’, БРС). Але не выключаецца, што дубальто́ўка ў адзначаных вышэй значэннях — запазычанне з польск. дыялектаў.
Дуба́с ’вялікі, тупы нож’ (Нас.: Вілен., Ковен., Гродз. губ.). Укр. дубас ’вялікі нож’. Няясна. Параўн. фармальна ідэнтычнае, але з іншым значэннем рус. дуба́с ’від лодкі’. Магчыма, спачатку ’лодка грубай работы’ > ’грубы прадмет’. Параўн. у рус. гаворках (СРНГ, 8, 223): дубас «с заостренным носом и тупою кормою грубой работы, наподобие простого корыта». Адсюль, відаць, метафарычна: ’грубы, тупы прадмет’ (> ’тупы нож; тупы, вялікі нож’). Лексему дуба́с ’лодка’. Фасмер (1, 548) выводзіць ад *dǫbъ ’дуб’ (насуперак Міклашычу, які зыходзіў з тур. tombaz).
Дуба́сіць ’дубасіць’ (БРС), ’біць друкамі, палкай’ (Нас.), ’вельмі моцна біць’ (Касп., Шат.), ’моцна ісці (пра дождж); гучна ісці, цікаць (пра гадзіннік): сячы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дуба́сить ’біць’, укр. дуба́сити. Магчыма, да дуб (гл.), пераносна ’палка, дручок’.
Дубе́ц ’дубец’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Рус. ду́бе́ц ’палка, дубец’, укр. дубе́ць ’тс’. Вытворнае (спачатку, магчыма, толькі памяншальнае ’малы, малады дуб’) ад прасл. ’дуб’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 95–96.
Дубе́ць, дубяне́ць ’дубець’ (БРС, Нас.). Рус. дыял. дубе́ть, дубе́нить, укр. дубі́ти ’тс’. Вытворнае (*dǫběti) ад слав. *dǫbъ ’дуб’ (спачатку ’рабіцца цвёрдым, як дуб’).
Дубі́ца ’човен, выдаўбаны ў выглядзе карыта’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. дыял. дуби́ца ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 91), да прасл. *dǫbica (< *dǫbъ ’дуб’), якое азначае розныя рэаліі (агляд матэрыялу ў Трубачова, там жа, але без бел. лексемы).
Дублі́раваць ’дубліраваць’. Рус. дубли́ровать. Відавочна, запазычанне з рус. мовы (дзе слова ўзята з франц. doubler ’тс’). Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 202.
Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.